Герт Арэнс назваў галоўныя памылкі апазіцыі і згадаў анекдот Статкевіча

У сваім выступе ў Еўрапарламеце на слуханнях па Беларусі старшыня доўгатэрміновай назіральніцкай місіі АБСЕ Герт Арэнс каротка акрэсліў асаблівасці выбарчай кампаніі. Па яго словах, галоўныя праблемы застаюцца ранейшымі: кансерватыўнасць палітычнай сістэмы, працэс падліку галасоў і датэрміновае галасаванне.


Герт Арэнс: "Я сустрэўся з усімі 9 альтэрнатыўнымі кандыдатамі, і ўсе яны выказалі недавер да беларускага выбарчага працэсу... Старшыня Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей казаў, што ад АБСЕ чакаюць больш станоўчай ацэнкі выбараў, чым раней, бо адбыліся пэўныя змены ў выбарчым заканадаўстве".


Але галоўнае не сам факт пэўных зменаў, а іх вынікі на практыцы, адзначыў Герт Арэнс. У сувязі з гэтым ён пераказаў анекдот ад Мікалая Статкевіча, аднаго з кандыдатаў, які зараз знаходзіцца ў ізалятары КДБ. 

Герт Арэнс: "Фізічныя практыкаванні ў вайсковай частцы. Падцягванне на турніку. Вайсковец з добрай выправай прыгожа падыходзіць да турніка. Скочыць, спрабуе падцягнуцца, і не можа ніводнага разу. Саскочыў з турніка. І зыходзіць так эфектна, прыгожа. Адзнака: падыход да турніка: выдатна, 5 балаў. Падцягванне: кепска, 2 балы. Адыход ад турніка: выдатна, 5 балаў. Агульны вынік: 4 балы!" 

Падзяліўся Герт Арэнс і сваімі назіраннямі за выбарамі: "Выбарчы працэс звязваюць з дзяржавай. Яе ўвасабленне – дзейны прэзідэнт. А ён атаясамліваецца з народам. Вось гэта было пасланнем Нацыянальнага сходу, праведзенага напярэдадні выбараў. І пастаяннае пасланне афіцыйных СМІ".


Герт Арэнс адзначыў, што апазіцыі даводзіцца працаваць у цяжкіх умовах. Але пры гэтым назваў і дзве галоўныя памылкі беларускай апазіцыі.


Герт Арэнс: "Першая памылка – раз'яднанасць. Дзевяць адносна малавядомых кандыдатаў – гэта не самы аптымальны варыянт. Другая праблема – недахоп прафесіяналізму ў выбарчай кампаніі. Галоўная задача мусіла быць не пераказваць тое, што частцы выбарцаў і так вядома, але змагацца за тых, хто аддае свае галасы за дзейнага кіраўніка..." На фота: Герт Арэнс падчас выступу на еўрапарламенцкіх слуханнях па Беларусі 12 студзеня

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі