Герасіменя: Калі хаця б адзін школьнік запішацца ў басейн пасля сустрэчы — добра

Герасіменя: Калі хаця б адзін школьнік запішацца ў басейн пасля сустрэчы — добра

Вядомая беларуская спартсменка Аляксандра Герасіменя праз фэйсбук прапануе правесці майстар-класы ў школах, спарткласах і вучэльнях. Спартсменка згодная нават правесці сустрэчу з працоўнымі калектывамі, калі ёсць такое жаданне. Прычым бясплатна.

Аляксандра крыху губляецца, калі я задаю простае пытанне: калі правядзенне такіх майстар-класаў — не патрабаванне Мінспорту і калі яны бясплатныя, навошта ёй гэта трэба? Бо ведаю, што часу ў яе бракуе.

— Добрае пытанне, канечне… Я нават не ведаю, як адказаць! Мне самой цікава сустракацца з людзьмі, атрымліваць ад іх пазітыўную энергію. Часам вельмі карысныя сустрэчы бываюць не толькі для іх, але і для мяне. Гэта такое элементарнае падштурхоўванне да дзеяння: калі пасля такой сустрэчы хаця б адно дзіця пойдзе займацца спортам ці знойдзе сябе ў нейкай іншай галіне дзейнасці — для мяне гэта ўжо вялікі плюс!

Па словах Герасімені, шмат заявак на майстар-класы ў яе было яшчэ напярэдадні Алімпійскіх гульняў. Але тады яна была цалкам засяроджаная на падрыхтоўцы.

“А цяпер такая магчымасць з’явілася, і я вырашыла даехаць да тых, хто мяне так доўга чакаў”, — гаворыць Аляксандра.

Прычым неабавязкова, каб у школе, куды едзе спартсменка, быў басейн: майстар-клас можа быць праведзены і ў іншай, не “воднай”, форме. “Сустрэча тады праходзіць у выглядзе размовы: я расказваю свае цікавыя гісторыі, пра цяжкасці, з якімі сутыкалася, пра плаванне, адказваю на пытанні. Людзям цікава ведаць не толькі як я трэніруюся ці плаваю, але і як, да прыкладу, спартсмены такога ўзроўню спраўляюцца з нейкімі бытавымі цяжкасцямі, гэта так шчыра і цікава”, — тлумачыць спартсменка.

Аляксандра і раней праводзіла майстар-класы ў школах і працоўных калектывах. Вось толькі гэта былі “адзінкавыя” мерапрыемствы, а гэтым разам яна хоча зладзіць сапраўдны майстар-тур па Беларусі.

“Гэта будзе даволі працяглая акцыя, у мяне будзе магчымасць наведаць практычна ўсе вобласці краіны. Пастараюся захапіць як мага больш рэгіёнаў”, — абяцае спартсменка. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі