Генпракуратура прызнала, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было этанолу

Генпракуратура прызнала, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было этанолу

Намеснік Генпракурора Генадзь Дыско пракаментаваў справу доктара Арцёма Сарокіна і журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч. Яны праходзяць па крымінальнай справе аб разгалошванні медыцынскай таямніцы (ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса).

Па словах Дыско, доктар паддаўся ўгаворам журналісткі і "падаў у яе распараджэнне электронныя копіі медыцынскіх дакументаў, якія змяшчаюць інфармацыю, што ўяўляюць медыцынскую таямніцу, а менавіта звесткі пра дыягназ пацыента, вынікі медыцынскіх даследаванняў і інш.".

Як вядома, Барысевіч апублікавала на TUT.by дакументы, якія сведчаць, што забіты Раман Бандарэнка не быў п'яны — у яго крыві выявілі 0 праміле алкаголю. Гэта разыходзіцца з заявай Следчага камітэта, што загінулы мінчук быў п'яным. Адсутнасць алкаголю ў крыві пацверджаная і ў дакуменце, які ў СМІ перадала маці Рамана Бандарэнкі. 

Па словах намесніка генпракурора, у апублікаваных дакументах былі не ўсе аналізы. 

"У прыватнасці, кожны мог звярнуць увагу, што ў адным з апублікаваных дакументаў адсутнічае вынік даследавання іншых біялагічных асяроддзяў на ўтрыманне этанолу, у тым ліку мачы.

Па выніках судовай хімічнай экспертызы, у біялагічных асяроддзях Рамана Бандарэнкі, узятых медработнікамі тады ж у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, знойдзены алкаголь. Ні для каго не сакрэт, што эксперт нясе адказнасць, аж да крымінальнай, за дакладнасць сваіх даследаванняў", — заяўляе Дыско.

Між тым, нават неглыбокае вывучэнне праблемы паказвае: алкаголь з мачы выводзіцца значна больш павольна, чым з крыві. Спецыялісты адзначаюць, што лікёр, гарэлка, каньяк трымаюцца ў крыві не менш за трое сутак, а ў мачы — ад чатырох да шасці дзён. То бок, сляды алкаголю ў мачы застаюцца, калі чалавек можа ўжо некалькі дзён не піць.

Таксама намеснік Генпракурора заяўляе, што Барысевіч не мела афіцыйны статус "журналіст СМІ", бо Мінінфармацыі прыпыніла статус СМІ для партала TUT.by. "Адпаведна Барысевіч на момант здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў не валодала статусам журналіста СМІ з вынікаючымі адсюль правамі і абавязкамі. Пры гэтым Барысевіч не стала звяртацца па інфармацыю да афіцыйных органаў і арганізацый, а схіліла лекара да разгалашэнню медыцынскай таямніцы", — кажа Дыско.

Гэтыя дзеянні, па яго словах, прывялі да канфлікту ў грамадстве, "накіраванага на падрыў даверу грамадзян да афіцыйнай інфармацыі і ў цэлым — да праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады".

Генпракуратура таксама пераняла досвед у калег з МУС — апублікавала відэазварот Арцёма Сарокіна. Доктар кажа, што на яго ніхто не цісне. Перадачу медыцынскай дакументацыі ён называе сваёй памылкай, якую зрабіў "паддаўшыся на ўгаворы дзяўчыны, якая назвалася журналісткай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі