Вы тут

Газета адміністрацыі Лукашэнкі агучыла ролік пра мігрантаў гімнам Ізраіля

Адзенне сохне на палетах ўнутры​ ГЛЦ / Reuters

На Youtube-канале газеты "Беларусь сегодня", заснавальнікам якой з'яўляецца Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі, з'явіўся ролік "Паглядзіце, як уцекачы сціраюць адзенне". Ён зняты ў цэнтры часовага ўтрымання мігрантаў, уладкованым беларускімі ўладамі ў гандлёва-лагістычным цэнтры "Бремино групп" на мяжы з Польшчай.

У роліку мігранты сапраўды сціраюць адзенне ў тазіках, усталяваных на драўляных палетах, і развешваюць яго на агароджы ТЛЦ. Але прыцягвае ўвагу іншае: відэа агучанае гімнам Ізраілю "Атыква".

Гэта недарэчна па некалькіх прычынах. Па-першае, большая частка мігрантаў да таго, як патрапіць у Беларусь, яны жылі ў краінах, якія не прызнаюць права Ізраілю на існаванне. А некаторыя і адкрыта варагуюць з ім.

Па-другое, "Атыква" прысвечаная вяртанню габрэяў у Ізраіль пасля выгнання, якое доўжылася без малога дзве тысячы гадоў. Мігранты ж заяўляюць, што не жадаюць вяртацца ў свае родныя краіны. Іх мэта — Еўрасаюз.

У тэлеграм-каналах відэа ўжо называюць "не проста здзекам з гімна замежнай дзяржавы, але і прамым пляўком у твар Ізраілю".

UPD: Праз гадзіну пасля публікацыі гэтай навіны відэа было выдаленае. Яно было дасяжнае па гэтай спасылцы — вы дагэтуль можаце пабачыць яго прэўю, калі запосціце яе ў тэлеграм. Але інтэрнэт усё памятае. Паглядзець ролік можна, напрыклад, тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.