Гайдукевіч не атрымліваў заробак у Міністэрстве замежных спраў

Дэпутат усё роўна збіраецца ў Японію, хаця камандзіровачныя яму будзе плаціць парламент
Былы спецпрадстаўнік міністра замежных спраў Сяргей Гайдукевіч заявіў,
што нягледзячы на апошнія падзеі па-ранейшаму збіраецца ў Японію. Калі
дакладна гэта адбудзецца, палітык пакуль не ведае:


“Гэтае пытанне яшчэ не вырашана, але пакуль нічога не адмянялася – запрашэнне ёсць”.


Па словах Гайдукевіча, падчас паездкі будуць вырашацца “пытанні,
неабходныя для абедзвюх дзяржаў для ўсталявання больш шырокіх
кантактаў”.


Нагадаем, што японскі бок запрасіў Гайдукевіча як прадстаўніка міністра замежных спраў. У якасці каго ён паедзе ў Японію цяпер?


Гайдукевіч:
“Будзе бачна, магчыма, у статусе дэпутата. Наўрад ці ад
Міністэрства замежных справаў, па ўсёй верагоднасці так не атрымаецца.
Але пры ўдзеле міністэрства – цалкам магчыма”.

На пытанне Еўрарадыё хто будзе ў такім разе плаціць камандзіровачныя,
Гайдукевіч адказаў, што, натуральна, гэта будзе Палата прадстаўнікоў:
камандзіровачныя ён атрымае як дэпутат.

Дарэчы, нават калі палітык займаў пасаду спецпрадстаўніка ў Еўропе, заробак у міністэрстве ён усё роўна не атрымліваў:

“Натуральна, што я атрымоўваў заробак у Палаце прадстаўнікоў”.

Адзначым таксама, што Гайдукевіч будзе і надалей карыстацца
дыпламатычным пашпартам, паколькі ён належыць яму нават па статусе
дэпутата.