Вы тут

"Гарызонт" не завалены: ІП дамагаюцца зніжкі на арэнду, завод не саступае

"Гарызонт" / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

40 прадпрымальнікаў, якія арандуюць плошчы на заводзе "Гарызонт", зноў сабраліся каля офіса свайго арэндадаўцы. Папярэдняя спроба дамовіцца пра зніжэнне арэнднай платы поспехам не ўвянчалася. Сітуацыя толькі пагоршылася: днямі ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер", якое здае плошчы завода ў арэнду, пачало спісваць грошы з рахункаў даўжнікоў.

"Логікі ў гэтым ніякай няма, — кажа стваральнік брэнда Honar Павел Доўнар. — Я дамовіўся, каб мне пашылі партыю адзення, і цяпер не магу расплаціцца. Адпаведна, я не змагу яе прадаць і не атрымаю прыбытку, а значыць — не змагу заплаціць за арэнду".

 

Стваральнік брэнда Honar Павел Доўнар

На сустрэчу з арэндадаўцам "з меркаванняў сацыяльнага дыстанцыявання" пускаюць толькі двух дэлегатаў ад прадпрымальнікаў — уладальніка гульнявой прасторы "Кувалда" Юрыя Алейніка і юрыста Дзяніса Крывашэя. З боку "Гарызонта" на сустрэчу прыйшло сем чалавек. Да статусу Крывашэя ў іх узнікаюць пытанні: на іх думку, у Крывашэя павінна была быць даверанасць на тое, каб прадстаўляць інтарэсы прадпрымальнікаў. У выніку яму дазваляюць застацца ў памяшканні, але гаварыць ад імя прадпрымальнікаў не дазваляюць.

Дэлегат на сустрэчу ад прадпрымальнікаў — уладальнік гульнявой прасторы "Кувалда" Юрый Алейнік

Арандатарам, якія засталіся на вуліцы, ахова "Гарызонта" пагражае міліцыяй. Маўляў, вырашэнне пытанняў не прадугледжвае пікетавання. Але прадпрымальнікі застаюцца чакаць вынікаў перамоў каля ўвахода.

"Гарызонт" пад аховай

Праз 40 хвілін Юрый Алейнік выходзіць да калег. Ён расказвае, што на паперы канкрэтнай прапановы ад "Гарызонта" няма, і калі яго чакаць, незразумела. На словах прапанавана знізіць арэндную плату на 10% на няпэўны перыяд і па індывідуальных заявах зафіксаваць курс еўра, актуальны на 1 сакавіка, да 1 верасня. Плошчы 6-га корпуса "Гарызонта" здаюцца з прывязкай да еўра. Сакавіцкі курс ужо фіксавалі да 1 чэрвеня.

Па словах Юрыя, гэта адзінае паслабленне, на якое арэндадаўца пайшоў за тры месяцы: "Гэта ўсё аргументавалася тым, што яны — камерцыйная структура, якая не можа пайсці на большыя зніжэнні, таму што ў іх будуць страты".​

Пакуль што страты нясуць прадпрымальнікі. Падзенне даходаў уладальнікаў малога і сярэдняга бізнесу дасягае 90%. Арандатары "Гарызонта" працуюць у нуль, каб аплаціць арэнду і камуналку, даводзіцца залазіць у даўгі.

Пазіцыя "Гарызонта": яны хочуць зніжку 90%, і ніякая іншая ім не падыходзіць

Пасля сходу Еўрарадыё пагутарыла з удзельніцай сустрэчы з "другога боку" — в. а. дырэктара ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер" Марыяй Глазко.

"Прадпрымальнікі кажуць, што гатовыя на зніжку 90% і ніякая іншая ім не падыходзіць, — кажа суразмоўніца. — Юрый расказвае, што многія гандлёвыя цэнтры ідуць насустрач сваім арандатарам, зніжаючы арэндную стаўку на 30-40%. Мы таксама праводзілі маніторынг: тыя меры прымаюцца на кароткатэрміновы перыяд, красавік — травень. Меры, якія прапанавалі мы, — да верасня, і разам іх комплекс дае зніжку да 30% — у залежнасці ад плошчы арандатараў".

 

 

В. а. дырэктара ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер" Марыя Глазко

Арандатары засталіся незадаволеныя вынікамі перамоў. Зніжэнне арэнднай платы на 10% дакладна не кампенсуе страт, якія прынёс каранавірус. Па словах Юрыя Алейніка, праз сітуацыю, якая склалася, пакінуць плошчы "Гарызонта" могуць да 50% прадпрымальнікаў. Гэтыя людзі ўжо цяпер гатовыя будаваць свой бізнес з нуля на іншых пляцоўках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.