Вы тут

Гамельчук атрымаў 5 гадоў за тое, што крычаў на міліцыю з акна і кідаў бутэлькі

Акцыя пратэсту ў Гомелі 12 верасня​ / Svaboda.org

На пяць гадоў пазбаўлення волі асудзілі жыхара Гомеля за гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Гаворка ідзе пра падзеі 12 жніўня. Па версіі пракуратуры, нецвярозы мужчына "з акна сваёй кватэры выказваўся нецэнзурнай лаянкай у адрас супрацоўнікаў міліцыі, якія праходзілі міма, а таксама кідаў у іх бок бутэлькі". Пры затрыманні ён таксама ўдарыў міліцыянта нагой у твар, з-за чаго ў сілавіка былі "цялесныя пашкоджанні, якія не выклікалі кароткачасовага расстройства здароўя".

Гамельчук віны не прызнаў. Больш за тое, сказаў, што не кідаў ніякіх бутэлек з акна і міліцыянта не біў. Мужчыну завуць Сяргей Верашчагін, паведамляе Радыё Свабода. Ён распавёў у судзе, што ўбачыў з акна, як міліцыя жорстка абыходзіцца з удзельнікамі пратэсту, у тым ліку з дзяўчатамі, крыкнуў на сілавікоў. Пасля гэтага да яго ў кватэру ўварвалася міліцыя, мужчыну пачалі біць. Потым білі і ў РУУС.

"Білі, скакалі па галаве, абражалі і смяяліся, калі я плакаў", — распавядаў Верашчагін. Яго адвакатка дадала, што малады мужчына атрымаў не менш за сто ўдараў.

Тым не менш суд Цэнтральнага раёна Гомеля палічыў, што віна Верашчагіна даказаная, і прызначыў яму 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.