Галоўны фаніятар Беларусі: Міхалок спявае не горш за Ялфімава

У канкурсанткі “Славянскага базару” Ганны Благавай праблемы з голасам, магчыма, з-за таго, што стамілася цягам амаль штодзённых канцэртаў для працаўнікоў вёскі. Туды яна ездзіла разам з Ірынай Дарафеевай, якая зазначае, што ў яе ніякіх праблемаў з голасам няма. Але і для яе звяртацца да фаніятара усё адно што — сачыць за асабістай гігіенай.
Часам у нашых зорак сапраўды прападае голас, і нават напярэдадні канцэртаў. Галоўны лекар-фаніятар Беларусі Жанна Раманава ганарыцца тым, што ёй заўсёды ўдавалася дапамагчы спевакам. Фаніятары, напрыклад, на ўсялякі выпадак знаходзяцца за сцэнай Нацыянальнага опернага тэатра разам з інструментам.

Яны могуць нават памяняць артыста, калі гэта спатрэбіцца. Да таго ж, Жанна Раманава кажа, што без даведкі ад фаніятара вас не прымуць у музычную вучэльню ці кансерваторыю. Спецыяліст па фаніятрыі не кажа пра тых, кому вяртала голас, але для Еўрарадыё называе “зорак”, чые вакальныя здольнасці ёй падабаюцца.

Раманава: Ялфімаў, Ірына Дарафеева, Дзіма Калдун, Георгій Калдун, Жанэт. Вельмі добры голас у Аляксея Хлястова, Патліса, вакалістаў гуртоў “Spasenie”, “Ляпис Трубецкой”.

Дарэчы, у спісе самых "добрагалосых" разам з Ялфімавым ёсць і Міхалок, нягледзячы на тое, што рокеры губляюць голас даволі рэгулярна. Такое здаралася і з лідэрам гурта “J_Mopc” Уладзімірам Пугачам, хаця да адмены канцэрту справа не даходзіла, даводзілася лячыцца фалімінтам, і з вакалістам гурта ТТ34:

ТТ34: Адкалбашваеш канцэрт, пасля не размаўляеш – выконваеш нямыя партыі. Ну, а затым уключаеш цяжкую алкагольную артылерыю, якая актывізуе ўсе энергетычныя рэсурсы — і нармальна. Мы ж гарлаем дурным крыкам, розніцы вялікай няма: сарваны голас ці не... А хто такія фаніятары? Я дык гэтае слова ўпершыню чую.

Рок-музыка Аляксандр Кулінковіч наадварот скардзіцца на шкодны ўплыў алкагольных напояў і прыгадвае гісторыю, якая здарылася з “Нейра Дзюбелем” аж у далёкім 93-м годзе.

Кулінковіч: На сцэне заўжды хочацца піць, а я як назло не ўзяў з сабой нічога. Я махаю хлопцам з гурта “Западло” ў грымёрку – дайце чаго-небудзь, і яны мне працягваюць бутэльку мінералкі, з якой я раблю вялікі глыток. А пасля аказваецца, што гэта быў спірт. Я і так не валодаю вакальнымі данымі, але тут адмовіла нават тое, што ёсць.

Зоркі шоў-бізнесу розных часоў кажуць, што праблем і казусаў з голасам у іх не здаралася. А можа, проста не прызнаюцца. Адзін з легендарных “Песняроў” Леанід Барткевіч кажа, калі спяваеш правільна, не на звязках, то голас не губляецца. Наталля Падольская запэўнівае, што губляла голас толькі аднойчы, у 15 гадоў.

Падольская: Ніякага спецыфічнага дагляду за голасам няма. Паводле гараскопу я Цялок і ведаю, што горла мне варта трымаць у цеплыні. Я імкнуся за гэтым сачыць і не хварэць на прастуду.

Самая нашумелая страта голасу здарылася за пару дзён да Еўрабачання ў Аляксандры з дуэту "Аляксандра і Канстанцін".

Аляксандра: На вечарынцы-прэзентацыі нашай краіны мне давялося шмат спяваць, таму голас і стаміўся. На наступны дзень мне прыйшлося ехаць у клініку. Чальцам дэлегацыі гэта было вельмі цікава, бо яны на экране змаглі ўбачыць, як працуюць мае звязкі. Непрыемна было, калі ў СМІ я пасля пабачыла, што гэты выпадак падаваўся як стыхійнае бедства для мяне і для краіны, як пагроза ўдзелу ў Еўрабачанні, бо гэта для артыста даволі шараговая сітуацыя.

Апроч вакалістаў час ад часу праблемы з голасам маюць і прадстаўнікі іншых прафесіяў. Існуе нават спіс Міністэрства аховы здароўя, у якім пазначаюцца так званыя маўленчыя прафесіі: выкладчыкі, артысты, дырэктары прадпрыемстваў...

Еўрарадыё датэлефанавалася да Святланы Зелянкоўскай. Актрыса губляла голас зусім нядаўна на здымках фільма Пятра Тадароўскага.

Зелянкоўская: Таму што было вельмі шмат піратэхнічанага дыму. А з раніцы ў мяне была рэпетыцыя, а вечарам — спектакль у тэатры.

Тое ж літаральна тыдзень таму на матчы Беларусь—Балгарыя здарылася і з трэнерам зборнай Юрыем Пунтусам, калі той імкнуўся дакрычацца да сваіх падапечных. Не дакрычаўся — і голас згубіў.

А вось палітык Павел Севярынец прыгадвае падзеі сямігадовай даўніны:

Севярынец: Гэта было на дзень святога Валянціна. Апаратуру чамусьці не падвезлі. І мне прыйшлося голасам перакрываць плошчу, дзе сабралося 2 тысячы чалавек. Голасу на наступны дзень не было, але, здаецца, чулі ўсе.

Каб хутка ўзнавіць голас, галоўны фаніятар Жанна Раманава раіць нейкі час памаўчаць. Асабліва выключыць тэлефонныя размовы, бо падчас іх немагчыма дапамагчы сабе інтанацыяй ці жэстам. Трэба абматаць шыю шалікам і піць цёплую гарбату з мёдам і лімонам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі