Галоўнакамандуючы NATO ў Еўропе лічыць, што Пуцін стварыў моцнае войска

Галоўнакамандуючы NATO ў Еўропе лічыць, што Пуцін стварыў моцнае войска

Уладзімір Пуцін стварыў моцнае войска, якое паказала сябе ў Сірыі і на Данбасе. Пра гэта галоўнакамандуючы сіл NATO ў Еўропе Філіп Брыдлаў заявіў у інтэрв'ю эстонскаму каналу ERR.

Па яго словах, у апошнія пяць гадоў Пуцін шмат інвеставаў у войска, што і дапамагло дамагчыся такіх вынікаў. Асобна Брыдлаў адзначыў "магутны ракетны патэнцыял вялікай дальнасці": Расія змагла запускаць ракеты як з караблёў, так і з падводных лодак.

Зыходзячы з гэтага натаўскі галоўнакамандуючы лічыць, што сілы NATO павінны прысутнічаць ва Усходняй Еўропе і краінах Балтыі, каб стрымаць ваенны патэнцыял Расіі. Таксама ён кажа, што альянсу трэба сачыць за дзеяннямі Расіі, бо Пуцін працягвае інвеставаць у войска і нарошчваць патэнцыял, перадае Бі-Бі-Сі.

Аднак пакуль, па словах Брыдлава, канчатковага рашэння па нарошчванні войскаў NATO ў рэгіёне няма.

Расія канчаткова выйшла з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ў 2015 годзе. Тым не менш Крэмль заяўляе, што нарошчванне ваеннай прысутнасці NATO ва Усходняй Еўропе супярэчыць іншым дамовам Масквы з альянсам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі