Вы тут

Галоўчанка зацвердзіў акт прыёмкі ў эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка зацвердзіў акт прыёмкі ў эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС. Тэкст пастановы за подпісам кіраўніка ўрада з'явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Нагадаем, акт прыёмкі быў падпісаны 10 чэрвеня. Акт падпісвала прыёмачная камісія. 

Па плане першы блок Беларускай атамнай электрастанцыі павінен быць уведзены ў эксплуатацыю сёлета, другі — у першым паўгоддзі 2022. Такія тэрміны вызначаны леташнім указам Аляксандра Лукашэнкі. У дакуменце гаварылася, што "датай уводу ў эксплуатацыю першага блока АЭС з'яўляецца дата падпісання членамі прыёмачнай камісіі акта прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу".

Датай ўводу ў эксплуатацыю ўсёй станцыі будзе лічыцца прыемка другога блока.

Адкрытым застаецца пытанне спажывання энергіі, якую будзе выпрацоўваць станцыя. Балтыйскія краіны — асноўныя імпарцёры беларускай электраэнергіі — не плануюць яе набываць. У Літве лічаць БелАЭС небяспечнай.

Аляксандр Лукашэнка ў адказ папрасіў сваіх чыноўнікаў, каб яны "асабліва не тузаліся і не парыліся, як у народзе кажуць, з нагоды "ах, экспарт, лішняя энергія, няма куды падзець". На яго думку, калі "мы разумна развернемся", то электраэнергіі з БелАЭС будзе яшчэ і мала, і прыйдзецца будаваць яшчэ адну станцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.