Фядута: У “халоднай вайне” між Расіяй і Захадам Беларусь будзе за сябе

Збігнеў Бжазінскі прарочыць пачатак “новай халоднай вайны” паміж Расіяй і Захадам. Аналітык Аляксандр Фядута па просьбе Еўрарадыё разважае над тым, якой можа быць роля Беларусі ў гэтай сітуацыі. У часопісе Time з’явіўся артыкул Збігнева Бжазінскага, амерыканскага палітолага, які ў 1977-1981 гадах (у час “халоднай вайны”) займаў пасаду памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы. У артыкуле Бжазінскі аналізуе магчымыя наступствы расійска-грузінскай вайны для міжнароднай палітыкі. Сярод іншага робяцца высновы, што “Пуцін і яго атачэнне ў Крамлі не ўспрымаюць рэаліі постсавецкага свету”, “стаўкі ў гульні высокія. У выніку пад пагрозай апынулася незалежнасць постсавецкіх дзяржаваў”. Палітолаг называе гэтую сітуацыю “новай халоднай вайной”. Еўрарадыё вырашыла даведацца ў беларускага палітолага Аляксандра Фядуты, якой можа быць роля Беларусі ў гэтай новай халоднай вайне.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, за каго мы будзем у гэтым канфлікце?

Фядута: Як заўжды, за сябе.

Еўрарадыё: Ці можа Беларусь выступіць у якасці пасярэдніка паміж Захадам і Расіяй?

Фядута: Не, не можа, бо для таго, каб быць пасярэднікам, трэба, каб абодва бакі на гэта пагадзіліся. Прабачце, а хто такая Беларусь?

Еўрарадыё: Ці зможа Беларусь выкарыстаць гэты канфлікт у сваіх інтарэсах? Можа паправіць адносіны з Еўропай ці дабіцца больш выгаднага эканамічнага супрацоўніцтва з Расіяй?

Фядута: Альбо-альбо. Нешта адно дасягнем, а вось што менавіта – выбярэ расійскае кіраўніцтва. Гэта пытанне не да мяне, а да яго.

Еўрарадыё: Якая, на ваш погляд, прынцыповая розніца паміж цяперашняй сітуацыяй і “халоднай вайной” мінулага стагоддзя?

Фядута: Розніца ў тым, што сёння абодва бакі расчараваныя ў той спробе адлігі, якая была ўжо другі раз. Расія спадзявалася, што калі яна сядзе за стол перамоваў з Захадам, яна застаецца звышдзяржавай, а Захад спадзяваўся, што расійскую эліту ўсё ж такі можна навучыць правілам паводзінаў. Зараз абодва бакі ведаюць, што і адно, і другое немагчыма: калі ты размаўляеш — ты не звышдзяржава, а звычайная дзяржава, а Расія з гэтым не пагаджаецца. А калі ты займаешся тым, што пагражаеш Захаду, Захад перастае з табой размаўляць як з партнёрам. І гэта будзе адбівацца як на палітычных, так і на эканамічных адносінах.

Еўрарадыё: Таксама ў артыкуле Збігнева Бжазінскага прыводзілася аналогія з уводам савецкіх танкаў у Чэхаславакію ў 1968 годзе. Як вы лічыце, ці можа гэтая сітуацыя паўтарыцца? І куды ўвойдуць танкі?

Фядута: Расія ўводзіла танку ў тую краіну, якая знаходзілася, як меркавала Расія ў 68-м годзе, у зоне яе палітычнай адказнасці. Яна ўводзіла танкі ў сацыялістычную краіну згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі. А зараз я не ведаю, згодна з якімі дамоўленасцямі Расія ўвяла танкі на тэрыторыю Цхінвалі.

Еўрарадыё: Учора адзін з расійскіх палітолагаў сказаў Еўрарадыё, што калі Ўкраіна прыме рашэнне аб выхадзе з СНД, то Расія можа прэтэндаваць не толькі на Крым і Севастопаль, але і на Харкаўскую і Данецкую вобласці. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

Фядута: Глупства гэта. Расія ніколі не захоча трэцяй сусветнай вайны. Сёння Ўкраіна – буйнейшая дзяржава ў Еўропе. Зразумела, яна не дазволіць, каб з ёй абыходзіліся так, як з Грузіяй. Хоча гэтага Расія ці не, але ж у былых савецкіх рэспублікаў, якія адмовіліся ад атамнай зброі — у Украіны, Беларусі і Казахстана — ёсць дамоўленасці з Захадам: калі трэцяя краіна будзе пагражаць суверэнітэту, незалежнасці і бяспецы гэтых краін, 4 дзяржавы павінны зрабіць пэўныя крокі, каб гэтую пагрозу зняць. Калі Расія хоча, каб Украіна звярнулася да Злучаных Штатаў з афіцыйнай просьбай дапамагчы зброяй і вайсковымі сіламі, я думаю, на гэты раз Злучаныя Штаты прымуць гэтую прапанову.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, хто зацікаўлены ў гэтай “халоднай вайне”?

Фядута: “Халодная вайна” заўжды выгадная тым, хто гандлюе зброяй. Найбуйнейшыя гандляры зброяй у свеце — гэта Расія і Злучаныя Штаты. Усе гэта ведаюць.


Фота — www.neonomad.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі