Футбольны фанат: Мужычка распранулі, бо прыехаў на сэкс з непаўнагадовым хлопцам
Менш чым за месяц афіцыйны сайт МУС паведаміў пра цэлую абойму крымінальных спраў, распачатых на футбольных ультрас па ўсёй Беларусі.
Напрыклад, 19 лістапада стала вядома пра крымінальную гісторыю з удзелам рэчыцкіх фанатаў.
Падазраванага, 17-гадовага Андрэя, назвалі адным з лідараў фанацкага руху ФК “Рэчыца-2014”. Яго абвінававаюць па артыкулах “Распальванне нацыянальнай варожасці”, “Злоснае хуліганства” і “Рабаўніцтва, здзейсненае групай асоб”.
Былі апісаныя і эпізоды. У прыватнасці, Андрэй, паводле версіі МУС, паўплываў на малодшую сяброўку, справакаваўшы, каб тая пабілася з равесніцай цыганскай знешнасці. Па другім эпізодзе — збіццё гомельскага мужчыны — праходзяць ажно адзінаццаць чалавек. Паводле версіі праваахоўнікаў, мужчыну распранулі, збілі, на яго целе намалявалі свастыку і прымусілі бегаць па горадзе голым. Кожнаму з фігурантаў справы пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Адзін з заўзятараў ФК “Рэчыца-2014” распавядае Еўрарадыё падрабязнасці.
“З гомельскім мужычком, якому за трыццаць, вялася перапіска з фэйкавага акаўнта, падпісанага непаўнагадовым Антонам. У выніку той мужчына паверыў і прыехаў у рэчыцкую кватэру на вуліцу Сняжкова. І сустрэўся з чалавечкам. У адным з пакояў хаваліся іншыя хлопцы. У адзін з момантаў госць нешта западозрыў і хацеў сысці. Тут рэзка выбеглі хлопцы, пачалі на яго наязджаць: “Што, хлопчыка непаўнагадовага прыехаў разбэшчваць?”. Яго збілі, распранулі, на лбе намалявалі свастыку, вопратку некуды выкінулі. Чалавека вывелі на двор і адправілі “гуляць”.
Еўрарадыё: Чаму на лбе намалявалі свастыку?
Заўзятар ФК “Рэчыца-2014”: Склаўся стэрэатып, што ўсе фанаты фашысты. Вось яны і былі пад уплывам гэтай думкі. Свастыку намаляваў не Андрэй, а Валерый, які цяпер таксама пазбаўлены волі. Што тычыцца неанацызму, у іх ніякіх абгрунтаваных поглядаў увогуле няма. Гэта проста пазёрства. Для іх гэта забавы, балаўство, не больш.
Яшчэ адзін заўзятар, які дапамагае клубу ў адміністратыўных пытаннях, запэўнівае, што падазраваны не быў “адным з лідараў фанатаў”:
“Яны звычайныя юныя хуліганы, здзейснілі ўчынкі, за якія трэба адказаць. Але ці па такіх артыкулах і ці такімі тэрмінамі іх трэба караць? Мы вельмі сумняваемся, што гэтыя хлопцы адрозніваюць ультраправыя ідэі ад ультралевых. Насамрэч, відавочна, што па ўсёй краіне пайшло цкаванне футбольных заўзятараў”.
Праглядаем старонку ў сацсетках Андрэя, якога міліцыя называе фанацкім лідарам. Дзе-нідзе неанацысцкія сімвалы сустракаюцца. У прыватнасці, карыстальнік неаднаразова выказвае нелюбоў да “чурак”. Відавочна, што гэтую моду хлопец пераняў у расійскіх фанатаў. На старонцы тыя ж імперскія сцягі, “калаўрат” і іншыя сімвалы “ісцінна рускіх” ультрас.
Храналогія гучных спраў супраць фанатаў
28 кастрычніка сайт МУС паведаміў пра затрыманне ў Кобрыне 18-гадовага гандляра псіхатропамі і яго кліента. Абаім пагражаюць тэрміны: аднаму — за распаўсюджванне, другому — за захоўванне. Міліцыя акцэнтавала ўвагу на тым, што затрыманыя прытрымліваюцца неафашысцкіх поглядаў і ўваходзяць у фанацкія групоўкі футбольных клубаў “Кобрын” і “Дынама-Брэст”.
30 кастрычніка міліцыя паведаміла пра затрыманне ў Брэсце чацвярых непаўнагадовых за збіццё студэнта неславянскай знешнасці. У МУС затрыманых, якім ад 15 да 17 гадоў, апісалі як брэсцкіх фанатаў-неанацыстаў.
2 лістапада стала вядома пра затрыманне 28-гадовага мінчука, у якога знайшлі два грамы гашышу. Яго міліцыя апісала, як прыхільніка ідэй неафашызму і удзельніка фанацкага руху ФК “Дынама Мінск”.
16 лістапада з’явілася інфармацыя пра 21-гадовага хлопца, якога у МУС назвалі фанатам ФК “Славія-Мазыр”, прыхільнікам ідэй неанацызму. Падазраванага затрымалі за збіццё суседа. А падчас разбіральніцтваў знайшлі на яго старонцы ў сацсетцы парнаграфічныя матэрыялы. З гэтага з’явілася абвінавачванне па артыкуле “Стварэнне і распаўсюджванне парнаграфіі”. Таксама паведамляецца, што хлопец у 2014 годзе быў асуджаны за збіццё кітайскага студэнта. У той раз пакаранне абмежавалася штрафам.
18 лістапада сайт МУС паведаміў пра крымінальную справу ў дачыненні да фаната калінкавіцкага ФК “Вертыкаль”. У інтэрнэце было апублікаванае відэа, на якім падазраваны б’е іншага фаната, жыхара Жыткавічаў, і патрабуе “адпісацца ад антыфашысцкіх поглядаў”. Скандальнасці дадаў той факт, што падазраваны быў апрануты ў майку з выявай “Пагоні”. Мяркуючы па яго старонцы ў сацсетцы, пра гістарычны беларускі сімвал ён мала што ведае.