Фінансаванне рэканструкцыі Купалаўскага тэатра абрэзалі

Яго дырэктар з гэтай нагоды сёння ідзе на сустрэчу з міністрам культуры Паўлам Латушкам У Беларусі вырашана скараціць фінансаванне часткі “непрыярытэтных” дзяржаўных праграм. Як вынікае з прынятага нядаўна бюджэта на бягучы год, сярод "пацярпелых" апынулася і “Праграма рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання дзяржаўных тэатраў Беларусі на 2004-2010 гады”. Сёлета на яе выдаткуюць на 520 мільёнаў 100 тысяч рублёў менш ад запланаванага.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, як гэта адаб’ецца на графіку работ па рэканструкцыі галоўнага тэатра краіны — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Але генеральны дырэктар Купалаўскага Павел Палякоў прызнаўся Еўрарадыё, што сам яшчэ нічога ўцямнага не ведае на гэты конт. І менавіта з гэтай нагоды ў яго на сёння прызначана сустрэча з міністрам культуры Паўлам Латушкам.

Павел Палякоў:
“Мне цяжка адказаць, бо я яшчэ дакладна не ведаю  наколькі скарацілі і як гэта адаб’ецца на тэатры імя Янкі Купалы. У мяне сёння сустрэча з новым міністрам Паўлам Паўлавічам, і я думаю, што ён нам адкажа на гэтыя пытанні. Адно магу сказаць: зараз праца вядзецца над распрацоўкай праектна-коштавай дакументацыі. Яна ідзе згодна з графікам і планам. Пакуль ніякіх асцярогаў асабіста ў мяне няма”.

Нічога пакуль не ведае на гэты конт і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі будынка тэатра Людміла Іванова.

Людміла Іванова: “Я пакуль не ў курсе, нам яшчэ ніхто нічога не даводзіў да ведама”.

Як даведалася Еўрарадыё, рэканструкцыя Купалаўскага тэатра была запланаваная яшчэ ў 2004 годзе. Праца, праўда, ідзе са спазненнем графіка: складальнікі праграмы запланавалі, што аб’ект будзе здадзены тэатралам у 2008 годзе. Але яшчэ і на пачатку 2009 года ішлі спрэчкі пра тое, як павінен выглядаць пасля рэканструкцыі будынак. Пяць гадоў таму быў складзены і каштарыс усіх работ па рэканструкцыі тэатра імя Янкі Купалы — 3 мільёны 500 тысяч рублёў у коштах 1991 года. А вось колькі гэта ў “сённяшніх” грошах, ніхто дакладна адказаць не здольны.

Не змог гэта падлічыць і кіраўнік Цэнтра Мізеса, эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: “Разабрацца тут не толькі простаму чалавеку, а нават доктару навук нельга, бо гэта такая спецыфіка, з якой звязаныя, напрыклад, разлічаныя кошты розных работ, што ўжываюцца ў будаўніцтве. Гэта вельмі дрэнная практыка, якая ўжываецца пры разліках коштаў розных аб’ектаў. Складана разабрацца таму, што вы не ведаеце, якія там індэксы, дзе яны будуць выкарыстоўвацца. І прывесці адно да другога проста немагчыма. Менавіта таму будаўніцтва з’яўляецца самай закрытай і самай недаступнай для кантролю сістэмай”.

Між тым, скарачэнне фінансавання рэканструкцыі тэатраў закранае не толькі Купалаўскі. Працы вядуцца ў 24 з 27 дзяржаўных тэатраў краіны. Гэта азначае, што суму ў 520 мільёнаў, на якую скарацілася фінансаванне праграмы, трэба дзяліць на 24. Верагодна, што адныя тэатры скарачэнне фінансавання закране больш, іншыя — менш. Але каго і як, гэта пакуль не ведаюць нават у Міністэрстве культуры. Прынамсі, начальнік эканамічнага ўпраўлення Мінкульта Вольга Кананюк пракаментаваць сітуацыю не здолела.

Вольга Кананюк: “Тая сума, якую вы бачыце, — гэта толькі рэспубліканскі бюджэт. Але праграма ахоплівае ўсе крыніцы фінансавання, і мясцовага бюджэта вы там не бачыце. Таму вы не бачыце агульнай лічбы”.
 
Вось толькі якая яна, агульная лічба, супрацоўніца Мінкульта таксама не сказала. Праўда, малаверагодна, што адлічэнні з мясцовых бюджэтаў на рэканструкцыю тэатраў сёлета павялічацца да такой ступені, каб ураўнаважыць змяншэнне рэспубліканскага фінансавання.

Глядзі яшчэ па тэме:

З Купалаўскага тэатра зробяць "архітэктурнага кентаўра"

Праект рэканструкцыі Купалаўскага парушае закон аб ахове помнікаў

Фота: www.nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі