Фігурантаў справы “Белага легіёна” працягваюць выклікаць на допыты

Фігурантаў справы “Белага легіёна” працягваюць выклікаць на допыты

Фігурантаў “Справы патрыётаў”, абвінавачаных па артыкуле “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”, працягваюць выклікаць на допыты. Як паведаміў Еўрарадыё фігурант справы Міраслаў Лазоўскі, падчас допыту следчыя задавалі ўдакладняльныя пытанні “па асобных момантах”.

Міраслаў Лазоўскі: “Выклікалі і ўдакладнялі па нейкіх асобных момантах. Былі пастаўленыя некалькі канкрэтных пытанняў: дзе быў і ў якія перыяду часу. На гэтым усё”.

Як стала вядома Еўрарадыё, на мінулым тыдні на допыты выклікалі Алеся Яўдаху і Андрэя Дундукова. Але дзяліцца падрабязнасцямі як самога допыту, так і ўвогуле справы “Белага легіёну” яны не сталі ― знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Па ранейшаму з іх не знятае абвінавачанне, не вызваленыя фігуранты справы і ад падпіскі аб нявыездзе.

Па словах дапытаных, размовы пра магчымае хуткае закрыццё справы следчыя не вялі, але і даты наступнага допыту не прызначылі.

Нагадаю, 21 сакавіка кіраўнік краіны заяўляе пра затрыманне "некалькіх дзясяткаў баевікоў". Праз некалькі гадзін пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі, у ноч з 21 на 22 сакавіка, прыходзяць па Алеся Яўдаху і Міраслава Лазоўскага, былога кіраўніка “Белага легіёна”. Цягам наступных дзён за кратамі па абвінавачанні ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання” аказваюцца 20 чалавек. На свабоду з СІЗА апошні затрыманы выйшаў 30 чэрвеня, але абвінавачанні з іх так і не былі знятыя, а справа да гэтага часу не закрытая. 25 кастрычніка, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паабяцаў, што да канца восені яны “паставяць кропку ў гэтай справе”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі