Фэйк у "Антыфэйку": першы рэактар БелАЭС — не ўпаў, а выслізнуў

Беларуская АЭС у Астраўцы / Reuters
Беларуская АЭС у Астраўцы / Reuters

23 лютага ў праграме "Антыфэйк" на АНТ выйшаў выпуск, прысвечаны першаму з'езду Руху супраць Астравецкай АЭС, які прайшоў у літоўскім Сейме. Сярод спікераў была нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і беларускія апазіцыйныя палітыкі: Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька і Дзмітрый Кучук.

Вядучы Аляксандр Злобін заўважае, што ў інтэрв'ю пасля пасяджэння Анатоль Лябедзька заявіў, што ў Беларусі няма бачання, куды складаваць адходы, а падчас работ першы корпус рэактара раскалолі. Злобін тут жа парыруе выказванне апазіцыйнага палітыка — "корпус не расколваўся, ён нават не падаў, а выслізнуў падчас пад'ёму".

Але дырэктар БелАЭС Міхаіл Філімонаў расказаў TUT.by пра няўдалую спробу ўсталявання корпуса рэактара ў першы энергаблок зусім іншае:

"У выніку мантажная арганізацыя пры ўсталяванні корпуса дапусціла падзенне корпуса на зямлю".

Афіцыйна будучае размяшчэнне могільніка радыеактыўных адходаў БелАЭС не называецца. Дырэкцыя атамнай станцыі сцвярджае, што канчаткова пляцоўку павінны выбраць да канца 2021 года. Захаванне павінна быць у 5-кіламетровай зоне ад АЭС. І каштаваць ён будзе каля 1 мільярда еўра.

Плануецца, што Астравецкую АЭС запусцяць у 2020 годзе, праўда, дакладную дату не змог назваць нават міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. Нюанс у тым, што "адпрацаваным" паліва пачынае лічыцца роўна ў той момант, калі касета загружаецца ў актыўную зону рэактара. Гэта значыць, адразу пасля запуску АЭС у Беларусі з'яўляецца адпрацаванае паліва, якое трэба будзе перапрацоўваць і захоўваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі