Фэст "Кінема" вывеў мінчан на вуліцу глядзець нямыя фільмы пад музыку

На ўваходзе ў мінскі музей Азгура чарга: маладыя людзі трымаюць у руках пледы, спальныя мяшкі і торбы з тэрмасамі і яблыкамі. 18 чэрвеня тут стартуе трэці фестываль нямога кіно "Кінемо". На фэст ідуць за новымі ўражаннямі і атмасферай, а таксама ў адукацыйных мэтах.

Утульны і прасторны дворык музея (кіно паказваюць на адкрытым паветры пад жывы акампанемент) запаўняецца людзьмі так, што няма куды носа ўбіць. Адкрывае фэст амерыканскі фільм "Навігатар" (1929 г., рэж. Дональд Крысп і Бастар Кітан). А ў ролі тапёра выступае піяністка Тамара Серыкава ― першы паказ па задуме арганізатараў заўсёды суправаджае "класічны тапёр", тым самым дэманструючы сувязь з гісторыяй.

Цягам гадзіны вечаровую цішу вакол музея Азгура аздабляюць гукі піяніна: знаёмыя мелодыі пераходзяць у бурлівыя пасажы, насцярожаныя стаката і пераклічкі фортэ і піяна. А на экранах, што месцяцца прама на сцяне музея, разварочваецца камедыйная гісторыя пра маладога мільянера і яго каханую, якія ў выніку каварнай дзейнасці замежных агентаў, апынаюцца адны на караблі ў адкрытым моры. Публіка ў захапленні!

"Я дастаткова кепска разбіраюся ў нямым кіно, і цяпер магу даведацца пра яго больш, ― прызнаецца Даша пасля прагляду фільма. ― Калі агучвае кіно жывая музыка ― гэта натхняе. Калі глядзіш звычайны фільм, то асабліва не надаеш увагі саўндтрэку. А калі гучыць жывая музыка, адразу разумееш, што адчувае персанаж. Гэта як раскрытая кніга". 

Нямое кіно ў свеце перажывае другое жыццё. Без рэстаўраваных і аблічбаваных фільмаў не абыходзіцца ніводны буйны кінафестываль. Агучыць нямы фільм ― гонар для музыкаў! Напрыклад, на мінулым "Берлінале" класіка хорару, фільм "Кабінет доктара Калігары" Роберта Вінэ ішоў у суправаджэнні аргана, за якім сядзеў вядомы н'ю-ёрскі кампазітар-авангардыст і саксафаніст Джон Зорн. Саўндтрэк да "Калігары" пісалі і брытанцы Tiger Lillies. Дзякуючы праектам "Кінема" і "Тузін.Немаўля", фестывалю "Белае люстэрка", адчуць сябе тапёрамі змаглі і беларускія музыкі. 

"Само кіно пачатку XX стагоддзя і музыка пачатку ХХІ стагоддзя мне вельмі цікавыя, ― кажа адзін з ідэолагаў "Кінема", музыка Віталь Эпаў. ― Мы шукаем нестандартных музыкаў, якія б маглі агучыць старое кіно. Мы намагаемся пазбегнуць рока і проста песень. Мусіць быць асэнсаванне гэтых фільмаў. На жаль, у нас мала менавіта кампазітараў. Таму мы запрашаем музыкаў, якія эксперыментуюць, і альтэрнатыўных музыкаў кшталту гурта Nagual ці "Мроі Пафнуція". Сёлета ўпершыню да нас прыедуць электроншчыкі з польскага Вроцлава".


Паказы фестывалю "Кінема" будуць праходзіць па чацвяргах аж да 16 ліпеня. Пачатак у 21.30.

25 чэрвеня агучваць амерыканскую стужку "Невядомы" Тода Браўнінга будзе Аляксандр Порах.

2 ліпеня свой саўндтрэк да польскага фільма 1927 года "Моцны чалавек" Хенрыка Шаро пакажа музыка з Вроцлава Яцэк Сатомскі.

9 ліпеня майстэрства тапёра прадэманструе Вечаслаў Пяцько пад амерыканскі фільм 1928 года "Ідал дзённых спектакляў" Фрэнка Капры. 

16 ліпеня чакаецца праграма кароткаметражных фільмаў "Папялушка" Лотэ Райнігер, "Вандроўка на Месяц" Жоржа Мельеса, "Імігрант" Чарлі Чапліна і "Ахвярны казёл" Бастэра Кітана і Малкальма Ст. Клэра. Суправаджаць стужкі будуць дзіцячы ансамбль "Фрыдэрыкі", гурт "Мроі Пафнуція", музыкі Аляксандр Ясінскі і Андрэй Алексіевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі