Еўрасавет: Цяпер у больш выгаднай пазіцыі Лукашэнка, а не Беларусь

111011 Luka6uk Ben.mp3

Еўрарадыё: Еўрасаюз то ўводзіць чарговыя санкцыі супраць Беларусі і асобных чыноўнікаў, то прапаноўвае афіцыйнаму Мінску грошы і выказвае спадзяванне на аднаўленне дыялога з ім. Цікава, ці ёсць усё ж у тым жа Еўрапейскім Савеце адзіная і зразумелая пазіцыя па Беларусі?

Бен Жуда: Еўрапейскі саюз не змяніў сваёй пазіцыі за апошнія некалькі тыдняў і патрабаванні да Беларусі застаюцца тыя ж самыя: вызваленне палітычных вязняў. А на сённяшні дзень мы патрабуем больш празрыстасці, больш інфармацыі пра тое, што насамрэч цяпер адбываецца ў турмах з палітвязнямі. У той жа час ў Еўрасаюзе да гэтага часу існуюць пэўныя нявызначаныя моманты ў адносінах да Беларусі. А ўсё з-за таго, што Лукашэнка здолеў нават у гэтай сітуацыі паставіць сябе ў выгадную пазіцыю ў той час, калі сама Беларусь пастаўленая ім ў пазіцыю нявыгадную. Адпаведна, у вельмі складанай сітуацыі апынуўся Еўрасаюз. Справа ў тым, што, з аднаго боку, калі ЕС будзе працягваць уводзіць нейкія санкцыі супраць Беларусі, канчаткова абрэжуць усе магчымасці для атрымання крэдытаў, матывуючы гэта няспыннымі парушэннямі правоў чалавека, то гэта будзе правільна з пункту гледжання пакарання за парушэнне правоў чалавека. Гэта мусіць стаць пакараннем для Лукашэнкі, але ў адносінах да ўсіх астатніх грамадзян Беларусі гэта будзе не зусім справядліва, бо адаб’ецца гэта і на іх. Ёсць другі варыянт: думаючы пра простых беларусаў, даваць крэдыты і пазыкі. Але і гэты варыянт не вельмі добры, бо такім чынам ЕС ускосна будзе падтрымліваць рэжым і тыя парушэнні правоў чалавека, якія ў Беларусі маюць месца. У выніку ж, ключавым момантам, калі канчаткова стане зразумела, як ЕС будзе паступаць, стане высвятленне сітуацыі: апынецца ў выніку Беларусь пад кантролем Расіі ці не.

Такім чынам, ёсць два накірункі, якія актыўна зараз абмяркоўваюцца: ці пакінуць Беларусь у ізаляцыі, у якой яна цяпер фактычна знаходзіцца, ці заахвочваць яе рознымі сродкамі. Але тым самым – заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў вас і, фактычна, заахвочваць рэжым да працягу парушэнняў правоў чалавека.

Еўрарадыё: Тыя 9 мільярдаў долараў, пра якія кажа Дональд Туск, і на якія нібыта можа разліваць Беларусь пры выкананні пэўных умоў, Туск іх прапаноўвае як прэм’ер-міністр Польшчы ці выказвае прапанову ад імя усіх краін Еўрасаюза?

Бен Жуда: Безумоўна, гэта ён кажа ад свайго імя – як прэм’ер-міністр Польшчы. Але паколькі Польшча зараз старшынствуе ў Еўрасаюзе, а да таго ж, Туск і яго партыя выйгралі парламенцкія выбары ў Польшчы, то яго пазіцыя ва Усходняй Еўропе і ва ўсім Еўрасаюзе вельмі моцная. І ён будзе прасоўваць гэтую сваю прапанову сярод кіраўніцтва ЕС. Польшча як ніхто іншы ўсхваляваная тым, што адбываецца ў Беларусі, і непакоіцца пра развіццё сітуацыі ў вашай краіне і вакол яе – будзе яна знаходзіцца ў ізаляцыі ці наадварот атрымліваць нейкую дапамогу. І тут мы зноў вяртаемся да пачатку нашай размовы: усе рашэнні ў ЕС прымаюцца павольна, бо тут ніяк не могуць вырашыць – у якім жа накірунку ісці ў пытанні, датычным Беларусі.

Еўрарадыё: На сённяшні дзень у беларускіх турмах застаюцца палітвязні. Але і іх да канца месяца Лукашэнка нібыта паабяцаў вызваліць. Гэта вызваленне, калі яно адбудзецца, дазволіць Еўрасаюзу вырашыцца – на які з двух, названых вамі, шляхоў у выніку стаць?

Бен Жуда: На жаль, нічога сказаць з гэтай нагоды не магу. Але хачу адзначыць – гэты год быў вельмі складаным для Еўрасаюза. Мы перажылі фінансавы крызіс, перажылі вельмі складаныя ўнутрыпалітычныя сітуацыі – быў унутраны крызіс у Еўрапейскім Саюзе. І таму зараз палітыка ў галіне міжнародных спраў не з’яўляецца ў нас прыярытэтнай. Нават калі адбываліся падзеі “арабскай вясны”, то Еўрасаюз не быў так шчыльна ўцягнуты ў тыя падзеі, як мог бы ў сувязі са складанай унутранай сітуацыяй. Таму вельмі малаверагодна, што Беларусь стане для ЕС нейкім прыярытэтам. Але вельмі важна, што зараз у ЕС старшынствуе Польшча. І гэта старшынства будзе тым вакном, праз якое Еўрасаюз будзе глядзець на Беларусь і вырашаць “беларускае пытанне”.

Еўрарадыё: 10 кастрычніка стала вядома, што яшчэ 16 беларускіх чыноўнікаў былі ўнесеныя ў спіс неўязных у ЕС. Што гэта: чарговая праява пазіцыі ЕС у дачыненні да Беларусі ці спроба яшчэ раз падаць нейкі сігнал Лукашэнку?

Бен Жуда: Безумоўна, гэта – сігнал. І мы спадзяемся, што гэта будзе мець нейкія наступствы. У гэтай сувязі заўсёды прыгадваю санкцыі, уведзеныя супраць расійскіх чыноўнікаў, якія мелі дачыненне да справы Сяргея Магніцкага, які працаваў на брытанскую кампанію. ЗША, Брытанія, краіны ЕС уводзяць такія санкцыі – забароны на ўезд. І гэта сведчанне таго, што такія санкцыі будуць прымацца ў дачыненні да ўсіх краін, дзе парушаюцца правы чалавека. Розніцы няма – Расія гэта ці Беларусь. У пытанні абароны правоў чалавека пазіцыя ўсіх дэмакратычных краін прынцыповая. Калі ў гэтым будзе патрэба, такія санкцыі будуць працягвацца і далей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі