Вы тут

Еўрарадыё стала вяшчальнікам на iTunes

Старонка Еўрарадыё на iTunes

Еўрарадыё стала вяшчальнікам на iTunes. Падпісвайцеся, калі ласка, і стаўце нам ацэнкі! Цяпер на сервісе даступныя нашы падкасты:

"Ідэя Х", у якім Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў разам з "запрошанай зоркай" разважаюць пра нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў;
"Стартапніца", дзе Павел Свярдлоў і Юлія Няхай распавядаюць пра сфет фаўндараў, інвестараў і інавацый у IT-сферы;
"Такога вы не чулі" — музычны падкаст Марыі Калеснікавай.

Новыя выпускі падкастаў з'яўляюцца кожны тыдзень. Таксама захоўваецца канал, дзе публікуюцца ўсе нашы праграмы і жывыя эфіры, ён абнаўляецца найбольш інтэнсіўна.

Падкасты гэта сучасны спосаб атрымання інфармацыі. Калі вы едзеце ў транспарце ці кіруеце аўтамабілем, ідзеце па вуліцы ці чысціце бульбу дома на кухні, вам нязручна глядзець у дэвайс з тэкстам, а часам нязручна і трымаць яго ў руках. Падкасты вызваляюць рукі і вочы. Па-сутнасці, гэта радыё XXI стагоддзя.

Падкасты шалёна папулярныя на Захадзе і нават у суседняй з Беларуссю Польшчы, але ў нас яшчэ не набылі вялікай папулярнасці. Але людзям у нас ёсць што сказаць, таму новыя падкасты на самыя розныя тэмы з'яўляюцца ледзь не кожны тыдзень. Далучайцеся і слухайце беларускае!