Еўрапейскія і расійскія музыкі праспяваюць свае хіты па-беларуску

25 красавіка ў мінскім пабе “Графіці” ціха, душэўна і па-сяброўску адсвяткаваў свой сёмы Дзень нараджэння слушны музычны партал “Тузін Гітоў”. Цягам сямі гадоў “Тузін” строга трымаецца пастаўленай мэты і аддана папулярызуе беларускамоўную музыку.

Палац

На думку лідара гурта Палац, а па сумяшчальнасці, нязменнага вядучага радыёверсіі “Тузіна” Алега Хаменкі, толькі заканадаўства замінае стаць “Тузіну Гітоў” нацыянальнай прэміяй.

Алег Хаменка: “Тузін, безумоўна, - падмурак нацыянальнай прэміі. Іншая справа, што зараз гэта абвясціць нерэальна. Гэта нерэальна па прычыне толькі заканадаўства. А па сутнасці, ён такой ужо і з’яўляецца. Тое, што “Тузін”, натуральна, найбольшы арыенцір ставіць на творы, якія створаныя на беларускай мове, гэта і гаворыць пра тое, што прэмія менавіта нацыянальная”.

Хаменка мяркуе, што “Тузіну” бракуе вядомасці, а таксама ўдзелу ў хіт-парадзе еўрапейскіх артыстаў з песнямі на беларускай мове.

Культурніцкую місію “Тузіна” адзначае і каардынатар сайта Ultra Music Вячаслаў Радзівонаў, які чакае ад парталу як мінімум візуальнага абнаўлення.

Вячаслаў Радзівонаў: “У бліжэйшыя 2-3 гады сайт “Тузіна” візуальна зменіцца і будзе выконваць сваю місію. А далей не бяруся прагназаваць. Я спадзяюся, што агулам беларускамоўнае жыццё ў нашай краіне будзе неяк лепш сябе адчуваць”.

Re1ikt

Галоўны рэдактар і каардынатар “Тузіна” Сяргей Будкін упэўнены, што аднойчы беларускамоўная музыка дасягне сваіх вышыняў, і “Тузін Гітоў” зробіць усё магчымае для гэтага.

Сяргей Будкін: “Па выніку мусіць атрымацца грамадская з’ява, таму што людзі зразумеюць, што спяваць па-беларуску – гэта не тое, што модна, гэта выгодна, гэта прыгожа, гэта класна, гэта патрэбна, як паветра. Хоць мы ідзем павольнымі крокамі, але ў рэшце прыйдзем да таго, што людзі будуць дзякаваць усім – і самім сабе, і гледачам, і нам у тым плане, што беларускамоўная музыка будзе квітнець”.

У верасні аматараў беларускамоўнай музыкі і наведвальнікаў “Тузіна” чакае прэзентацыя праекту “Тузін. Перазагрузка-2”, які музычны партал ладзіць разам з кампаніяй “Будзьма беларусамі”. Калі ў першай частцы праекта “на рэйкі беларушчыны” былі перацягнутыя папулярныя небеларускамоўныя гурты, то гэтым разам у праекце возьмуць удзел замежныя гурты.

Сяргей Будкін: “Зараз у нас больш глабальная ідэя. Выканаўцы, якія маюць беларускія карані, ці маюць нейкае дачыненне да Беларусі, ці нават звязаныя сяброўскімі пачуццямі, якія жывуць за мяжой – у Еўропе, Расіі, яны зараз перапісваюць свае творы па-беларуску. Будзе шмат сюрпрызаў. Але гэта будзе верасень. Тады мы ўсё раскажам”.

Мonkey Bite

Павіншаваць “Тузін Гітоў” з Днём нараджэння прыйшлі героі партала – гурты Палац, “Re1ikt”, адноўленыя Мonkey Bite і “Жнюв”, выступ якога змяніў сумную душэўнасць імпрэзы на радасць і танцы. “Зайсці” на “Тузін” – штодзённы рытуал кожнага беларускамоўнага гурта. Тым больш маладога.

Re1ikt: “На наш погляд, галоўная заслуга “Тузіна” ў тым, што ён распаўсюджвае беларускую рок-музыку і даводзіць да слухача беларускія, беларускамоўныя гурты, самааддана гэта робіць цягам сямі гадоў. Я памятаю, калі быў яшчэ не вельмі добрым інтэрнэт-юзерам, ведаў гэты сайт, колькі сябе памятаю – клікаю там нешта”.

Гасцёўня партала славіцца скандаламі і спрэчкамі. Дызайнер і інтэрнэт-выдавец Вецер Механічны лічыць ажыятаж у гасцёўні натуральнай справай. Але Ветру найбольш падабаецца іншая гісторыя.

Вецер Механічны: “Я люблю, калі там з Днём нараджэння ўсіх віншуюць – можна не глядзець у каляндар, не глядзець у свае падказкі, а зайсці і паглядзець, у каго Дзень нараджэння”.

Сто гадоў “Тузіну гітоў”!

Жнюв

Фота: Павел Бакшэеў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі