"Еўрапейскі марш": міліцыя правяла па-еўрапейску, апазіцыя - па-беларуску

14 кастрычніка на "Еўрапейскі марш" выйшла нечакана шмат людзей. Нават міліцыя ацаніла колькасць удзельнікаў у тры тысячы чалавек. Паводле ацэнак апазіцыі, людзей было больш - каля 10 тысяч чалавек. Але гэта была не апошняя неспадзяванка. Міліцыі амаль што не было відаць, супраць усіх "правілаў", людзей не разганялі нават з Кастрычніцкай плошчы, дзе яны пачалі збірацца. А моладзь паспрабавала разбурыць абодва сцэнары: і апазіцыі, і ўладаў. Хроніка “Еўрапейскага маршу”

13.50
Удзельнікі пачалі збірацца адначасова на Кастрычніцкай плошчы, каля цырку і Акадэміі навук. Каля 14-ці гадзінаў былі узнятыя першыя сцягі: бел-чырвона-белы, сцяг Еўрасаюзу, вялізны сцяг Маладога Фронту.

14.00
З'явілася расцяжка "Беларусь - у Еўропу". Міліцыянтаў каля месцаў збору дэманстрантаў не відаць, нават двары вакол пустыя. На Кастрычніцкай плошчы з'явіліся лідэры: спачатку моладзевы актывіст Зміцер Хведарук, а пасля і кіраўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

14.10
Каля Акадэміі навук зараз збіраюцца ўдзельнікі "Еўрапейскага маршу", іх каля 150 чалавек. З'явілася вялікая расцяжка з надпісам "Свабоду Казуліну!". Яе трымае Сяргей Скрабец. Маніфестанты скандуюць «Жыве Беларусь!», «Свабоду Казуліну!» і проста «Свабоду!».

14.15
На Кастрычніцкай плошчы, каля месца, дзе ў 2006-м было намётавае мястэчка, натоўп становіцца ўсё большым. Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў людзям прайсці да Акадэміі навук.

14.20
Калона з 1,5 тысячы чалавек рушыла з Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці ў бок цырку, дзе таксама збіраліся людзі. Наперадзе калоны ідуць маладафронтаўцы. У калоне ідзе Аляксандр Мілінкевіч. Перад гэтым ён звярнуўся да людзей і выказаў спадзяванне, што "Еўрапейскі марш" будзе мірным і што ўлады не будуць яму супрацьдзейнічаць.
Па-ранейшаму ніякага ачаплення міліцыі няма.

14.45
Карэспандэнтка Еўрарадыё Каця Золатава паведамляе, што зараз калона, якая рухаецца па праспекце Незалежнасці, разбілася на тры часткі.
Найбольшая зараз стаіць каля крамы "Каравай" на плошчы Перамогі і чакае рэшту дэманстрантаў, якія на заклік Мілінкевіча пераходзяць вуліцу на светлафоры.

15.00
Зараз дэманстранты накіроўваюцца да Акадэміі навук, дзе афіцыйна дазволены збор удзельнікаў "Еўрапейскага маршу". На цяперашні момант сабралося каля 2000 чалавек, і гэта даволі добрая лічба для беларускай апазіцыі.
Нехта з людзей лічыць няправільным ісці да плошчы Бангалор, яны збіраюцца рухацца да Нацыянальнай бібліятэкі, паведамляе нашая карэспандэнтка.

15.05
Віктар Івашкевіч выступіў перад людзьмі, што сабраліся ля Акадэміі навук і заклікаў пачакаць маніфестацыю, якая рухаецца па праспекце. Людзі стаяць і слухаюць беларускую музыку, якая іграе з калонак.

15.15
Удзельнікі далучаюцца па ходзе. У калоне дэманстрантаў, якая каля плошчы Якуба Коласа выйшла на праезджую частку праспекта Незалежнасці і набліжаецца да Акадэміі навук, зараз 5-6 тысяч чалавек.

15.20
“Памяркоўныя”, што чакалі каля Акадэміі навук і “радыкалы”, што ішлі з Кастрычніцкай плошчы, сустрэліся.
Каля Акадэміі навук пачаўся мітынг. Першым выступіў Віктар Івашкевіч. Ён сказаў, што пасля мітынгу дэманстрацыя пройдзе вуліцай Сурганава, але на Бангалоры мітынга не будзе.

15.30
Частка радыкальна настроенай моладзі вырашыла не заставацца каля Акадэміі, а рухацца да Нацыянальнай бібліятэкі. У гэтай калоне каля 1500 чалавек. Яе ўжо суправаджае аўтазак.

15.35
Каля Акадэміі навук працягваецца мітынг з удзелам Аляксандра Мілінкевіча і іншых апазіцыйных палітыкаў.
“Сёння мы перамаглі страх. Страх – ён як іртуць. Ён разліты па нашай краіне. Ён атруціў нашы душы. Але мала перамагчы страх адзін раз.
Нам трэба раз за разам выходзіць на цэнтральныя праспекты і дэманстраваць сваю любоў да Айчыны, волю да Свабоды, свой выбар еўрапейскага шляху развіцця,” — гаворыць Аляксандр Мілінкевіч.

15.38
Калона на чале з маладафронтаўцамі не дайшпа да Нацыянальнай бібліятэкі, яна сустрэла кардон спецназаўцаў, развярнулася і ідзе па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы.

15.40
Закончыўся мітынг каля Акадэміі навук. Віктар Івашкевіч заклікаў прысутных ісці на Бангалор, бо "Еўрапейскі марш" - гэта абсалютна легальная акцыя і трэба скарыстацца гэтай магчымасцю, каб выказаць сваю пазіцыю.
Але мітынга не адбудзецца, бо ўлады, па звестках арганізатараў, не далі на Бангалор электрычнасці. За мітынгам каля Акадэміі навук назіралі амбасадары ЗША. Францыі, Нямеччыны, Літвы, Латвіі, Швецыі.
Адзін з арганізатараў акцыі, які не пажадаў, каб яго прозвішча было агучана, вельмі жорстка пракаментаваў дзеянні маладафронтаўцаў. "Гэта была правакацыя", сказаў ён.
Моладзевы актывіст Зміцер Хведарук пракаментаваў "Еўрарадыё" падзел калоны на дзве часткі. Паводле яго словаў, "моладзь прагне свабоды, пераменаў, а старэйшае пакаленне хоча чакаць яшчэ некалькі гадоў".

15.48
Да Мілінкевіча падыходзіў прадстаўнік МУС Найдзенка і прапаноўваў, як арганізатару, узначаліць калёну, якая рухаецца на Бангалор. Мілінкевіч адмовіўся, паведамляе “Наша ніва”.

15.50
Зараз па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор рухаюцца дзве калоны дэманстрантаў.
Наперадзе па ходніках ідзе калона на чале з апазіцыйнымі палітыкамі, якія мітынгавалі каля Акадэміі навук. Непасрэдна па самой вуліцы ў бок плошчы Бангалор ідзе калона на чале з маладафронтаўцамі. Неўзабаве моладзь нават абагнала першую калону, па дарозе яна абышла кардон з аўтамабіляў, які адмыслова стварылі супрацоўнікі ДАІ.

16.25
Маніфестанты дайшлі да плошчы Бангалор. Стаяць ля сцэны. Але, паводле чутак, адключана электрычнасць. “Мы задаволены, што людзі прыйшлі не дзеля канцэрту, а менавіта прыйшлі на акцыю. Таксама добра, што міліцыя не ўмешвалася ў акцыю”, - кажа Віктар Івашкевіч, але чуваць яго дрэнна, апаратура не працуе

16.30
Каля тысячы дэманстрантаў, пераважна моладзі, ад плошчы Бангалор пайшлі ў бок вуліцы Няміга.
Астатнія ўдзельнікі "Еўрапейскага маршу" засталіся на плошчы Бангалор.

16.45.
Удзельнікі "Еўрапейскага маршу" пачалі разыходзіцца з плошчы Бангалор. Па розных ацэнках іх было ад 5 да 10 тысяч чалавек. Зараз на плошчы засталося каля 1500 чалавек. Там праходзіў імправізаваны мітынг.
Каля тысячы дэманстрантаў, пераважна моладзі, ад плошчы Бангалор пайшлі ў бок вуліцы Карастаянава. Аднак яны вярнуліся зноў на плошчу Бангалор і скандуюць: "Разам на праспект!". Такім чынам яны выражаюць нязгоду з пазіцыяй апазіцыйных лідэраў. «Хадзіць па пэрымэтры Бангалору, не заходзячы на яго», «паказаць, што мы не баімся хадзіць па сваім горадзе», — так маладзёны тлумачылі сваю ідэю.

“Сёння быў такі фармат акцыі, які, я мяркую, задаволіў усіх. Хто хацеў прыйсці адразу на пляц Каліноўскага, той туды прыйшоў. Той, хто хацеў прайсці далей па вуліцы і пахадзіць нават і па праезджай частцы, таксама задаволіўся. Нехта, хто меў жаданне, мог пайсці і ў бок Бангалора. Таму я думаю, што кожны задаволіў свае пажаданні”, так пракаментаваў гэтую сітуацыю Еўрарадыё Анатоль Лябедька па заканчэнні акцыі.

Фота - "Еўрапейскае радыё для Беларусі"