Вы тут

Еўракамісія агучыла крытэрыі для адмены каранціна ў ЕС

Дрэздэн, красавік 2020-га / Reuters

15 красавіка Еўракамісія агучыла тры крытэрыі для адмены каранціна ў ЕС. Гэта — значнае зніжэнне распаўсюду COVID-19 за працяглы перыяд (устойлівае скарачэнне колькасці новых выпадкаў заражэння і шпіталізацыі), наяўнасць дастатковага патэнцыялу сістэмы аховы здароўя і дастатковы патэнцыял сістэмы, якая займаецца маніторынгам сітуацыі з каранавірусам і кантактаў заражаных ім. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла, што агучванне гэтых крытэрыяў не з'яўляецца сігналам да таго, каб ужо цяпер пачаць здымаць абмежаванні.

Еўракамісія і Савет ЕС прапанавалі краінам саюза "дарожную карту", на якую яны павінны арыентавацца пры зняцці абмежавальных мер. Ім рэкамендуецца вытрымліваць месяц паміж этапамі зняцця ўведзеных раней каранцінных мер для барацьбы з пандэміяй каранавіруса. Зразумела, што тут будзе патрэбна каардынацыя, і Брусель заклікаў да яе краіны. ЕС створаць групу абмена інфармацыяй па барацьбе з COVID-19.

На працягу апошняга тыдня эксперты асцярожна адзначаюць пэўную стабілізацыю сітуацыі ў краінах ЕС з каранавірусам. Але няма заўважнай тэндэнцыі да зніжэння выпадкаў заражэння і смерцяў. Тая ж Францыя працягнула каранцін на месяц — да 11 траўня.

У свеце налічваецца ўжо 2 млн выпадкаў заражэння каранавірусам, памерлі больш за 128 тысяч чалавек. У Беларусі 3728 выпадкаў, памерлі 36 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.