Еўрадэпутат Галер расказаў, якія санкцыі ЕС можа прыняць супраць уладаў Беларусі

Еўрадэпутат Галер расказаў, якія санкцыі ЕС можа прыняць супраць уладаў Беларусі

Сітуацыя ў Беларусі абвастрылася. Выглядае, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў паніцы. Так еўрадэпутат Міхаэль Галер ацаніў падзеі апошніх дзён у гутарцы з DW.

Еўрасаюз запатрабаваў ад беларускіх уладаў і асабіста Лукашэнкі неадкладна вызваліць палітычных апанентаў і патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду — Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага ды іншых актывістаў. ЕС заклікае беларускія ўлады забяспечыць сумленныя выбары, гарантаваць поўнае захаванне вяршэнства закона і спыніць пераслед і запалохванне грамадзянскай супольнасці. 

Акрамя таго, шэраг еўрадэпутатаў выступілі з асобнай заявай, у якой заклікалі афіцыйны Мінск спыніць рэпрэсіі ды прапанавалі Лукашэнку змяніць палітычны курс Беларусі. Сярод падпісантаў гэтая заявы быў і Міхаэль Галер. 

Па яго словах, цяпер еўрапейскія палітыкі стаяць перад выбарам: ці павінны яны нешта змяніць у пакеце падтрымкі Беларусі, прыняцце якога знаходзіцца на апошнім этапе. "Я б не стаў пачынаць са змяненняў у пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое павінна набыць моц з 1 ліпеня, таму што гэта ўдарыць па людзях. Але нашыя надзеі на тое, што ў Беларусі адбудуцца нейкія палітычныя змены, што жаданні грамадзян краіны ажыццявяцца, у цяперашні час вельмі прывідныя", — канстатуе еўрадэпутат.

Калі беларускія ўлады не вызваляць палітычных апанентаў і не спыняць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, то ЕС можа прыняць санкцыйныя меры. "Пачнем з індывідуальных санкцый супраць адказных за тое, што адбываецца. Іх візы могуць адклікаць, магчыма, заблакаваць рахункі — цяпер гэта ўсё яшчэ неканкрэтна, так далёка мы пакуль не зайшлі. Але калі зірнуць на санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, то можна зразумець, у якіх сферах магчымыя абмежаванні", — тлумачыць Галер магчымыя наступствы.

Ці можа канфрантацыя паміж Мінскам і Бруселем падштурхнуць Лукашэнку ў абдымкі Крамля? Галер адзначае, што паміж Беларуссю і Расіяй існуе багата падставаў для напружаных адносінаў. "Магчыма, Лукашэнка, памятаючы пра тое, што адбылося ва Украіне, хоча даказаць Пуціну, што ён можа кантраляваць сітуацыю. Але Януковіч таксама так лічыў", — кажа еўрадэпутат. Спасылаючыся на "жывыя ланцугі", якія парйшлі на мінулым тыдні, ён не выключае, што беларусы, адстойваючы свае правы і жадаючы пераменаў, могуць выйсці на вуліцы.

Галер мяркуе, што расійскім уладам было б выгадна, каб пратэсты ў Беларусі былі задушаныя, а дэмакратычныя сілы не былі дапушчаныя да ўлады. 

"У 2013 годзе, калі Януковіч на саміце "Усходняга партнёрства" ў Вільні не падпісаў пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, у Крамлі спадзяваліся, што сітуацыю ўдасца ўтрымаць пад кантролем. Цяпер у Маскве, вядома, асцерагаюцца, што ў Мінску можа адбыцца рэвалюцыя, так што Крэмль пакідае Лукашэнку поўную свабоду дзеянняў для таго, каб здушыць дэмакратычны рух. Грубы спосаб, з дапамогай якога Бабарыку вывелі з перадвыбарнай гонкі, кажа пра тое, што Лукашэнка цалкам здольны на гэта. Пытанне цяпер у тым, як адрэагуюць апазіцыя і грамадзянская супольнасць у Беларусі", — падсумоўвае палітык.

Нагадаем, што большасць санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў ЕС зняў у 2016 годзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі