Эксперты: У Беларусі чакаецца ўзрастанне пратэстнай актыўнасці

У Беларусі сёлета чакаецца ўзрастанне пратэстнай актыўнасці людзей. Гэта абумоўлена і будучымі прэзідэнцкімі выбарамі, і падзеямі ва Украіне, якія падзялілі краіну на прыхільнікаў і праціўнікаў Майдана. Гэта вынікае з даследавання "Пратэстная актыўнасць у Беларусі ў 2014 годзе", якое правёў зарэгістраваны ў Літве Інстытут "Палітычная сфера".

Як адзначае "Ежедневник", у даследаванні прыводзіцца параўнанне пратэстнай актыўнасці ў Беларусі і Украіне. Атрымліваецца, што ў нашай краіне, у параўнанні з Украінай да змены ўлады, яна меншая ў 8 разоў. Прычыны крыюцца не толькі ў палітычных і прававых умовах, але і ў сацыяльна-эканамічным становішчы. Напрыклад, да пачатку Еўрамайдана сацыяльныя акцыі ва Украіне складалі 43-56%.

Аўтары даследавання пішуць пра 52 акцыі ў 2014 годзе ў Беларусі (без уліку выбарчых пікетаў), з іх толькі 7 былі дазволеныя ўладамі. Найбольш іх правялі Аб'яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і незалежныя прафсаюзы. Адзначаецца, што летась з'явіліся новыя суб'екты і найперш гэта футбольныя фанаты. Гэта яны разам з украінскімі заўзятарамі арганізавалі на "Барысаў-Арэне" падчас матчаў футбольных зборных Беларусі і Укрраіны палітычны "флэшмоб".

Даследчыкі чакаюць узрастанне пратэстнай актыўнасці ў Беларусі ў 2015 годзе, аднак за першыя тры месяцы гэтага не назіраецца. У Мінску ў акцыі на Дзень Волі ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі