Эксперт: Заявы Януковіча наконт рускай мовы — абяцанкі перад выбарамі

Цалкам размову з Ірынай Бякешкінай можна паслухаць тут: 120319 BekyashkinaS.mp3

Еўрарадыё: Што думае грамадства наконт таго, каб зрабіць рускую мову дзяржаўнай?

Ірына Бякешкіна: Гэта не навіна, “рэгіяналы” даюць такія абяцанні перад кожнымі выбарамі. Гэта відавочны прыём, каб мабілізаваць свой электарат. Прыхільнікаў рускай мовы як дзяржаўнай шмат там, дзе некалі “Партыя рэгіёнаў” мела абсалютную падтрымку. Цяпер гэтай абсалютнай падтрымкі няма. Калі ўзяць Данбас, то раней за “Партыю рэгіёнаў” там галасавала 60% – цяпер 30. Іх жа трэба неяк ізноў вярнуць. А рускую мову як дзяржаўную ў гэтых рэгіёнах падтрымліваюць больш за 70%, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў Украіны.

Але для таго, каб змяніць статус рускай мовы ва Украіне, трэба змяніць канстытуцыю, бо ў нас запісана ў канстытуцыі, што дзяржаўная мова Украіны — украінская. Каб змяніць канстытуцыю, трэба трыста галасоў дэпутатаў Вярхоўнай рады. Трохсот галасоў у “рэгіяналаў” няма і наўрад ці будзе. Таму яны заўсёды перад выбарамі абяцаюць, а потым кажуць, што не атрымалася, бо не было галасоў. Цяпер, паводле дадзеных сацыяльных даследаванняў, партыі ўлады прайграюць партыям апазіцыі 12%. Партыі ўлады — гэта разам “Партыя рэгіёнаў” і камуністы. Апазіцыйныя партыі — “Бацькаўшчына”, “Фронт зменаў”, “Удар” Клічка — яны разам набіраюць на 12% больш. З іншага боку, тыя, хто зняверыўся ў “Партыі рэгіёнаў”, ні да каго не пайшлі. Яны ў роздуме, некаторыя з іх не збіраюцца ісці на выбары. Вось каб вярнуць іх сабе ізноў — прыдуманая гэтая абяцанка.

 

Еўрарадыё: А калі б праводзілі рэферэндум па гэтым пытанні, які мог бы быць вынік?

Ірына Бякешкіна: Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі праводзіў нядаўна даследаванні. Даволі шмат рэспандэнтаў — 47 % — хацелі б павышэння статусу рускай мовы. Але з іх толькі 27% хацелі б, каб руская мова мела статус другой дзяржаўнай. 19% хацелі б больш лагоднага варыянту, каб украінская мова была дзяржаўнай, а руская выкарыстоўвалася як дапаможная афіцыйная ў рэгіёнах, дзе большасць насельніцтва размаўляе па-руску.

Еўрарадыё: А наколькі рэальна, што рэферэндум будзе праведзены ва Украіне?

Ірына Бякешкіна: Цяжка сказаць. У гэтым рэферэндуме не зацікаўленыя ўлады, таму што гэтыя пытанні падзяляюць Украіну прыблізна напалову. Такі рэферэндум будзе альбо прайграны, альбо выйграны з невялікай перавагай, каля 3%. А раскол краіны напалову нявыгадны кожнай уладзе. Таму, шчыра кажучы, я не думаю, што такі рэферэндум будзе праводзіцца.

Еўрарадыё: Што змянілася ў моўнай палітыцы краіны з прыходам да ўлады Януковіча ў параўнанні з Юшчанкам?

Ірына Бякешкіна: Мова афіцыйных дакументаў украінская і цяпер, бо ўкраінская — дзяржаўная мова, гэтага ніхто не адмяняў. Усё, што датычыцца афіцыёзу, вядзецца на ўкраінскай мове. Больш за тое, не толькі Януковіч, але і іншыя некалі чыста рускамоўныя “рэгіяналы”, авалодваюць украінскую. Нават наш прэм’ер-міністр Азараў пад хіхіканне ўсёй краіны спрабуе размаўляць па-ўкраінску. Праўда, нам часам здаецца, што гэта хутчэй беларуская мова. Быць можа таму, што мы беларускай не ведаем, а яго мова гучыць неяк дзіўна. Такім чынам, у афіцыйным жыцці нічога не змянілася. А што датычыць іншых сфераў, то і раней дамінавала руская мова, асабліва ў медыясферы. Кнігі пераважна ідуць з Расіі, выдаўніцтва кніг у нас на вельмі кепскім узроўні. Менавіта каб спрыяць развіццю ўкраінскай мовы, раней былі прынятыя некаторыя пастановы — напрыклад, 50% украінскай прадукцыі на радыёстанцыях. Гэтыя 50% запіхвалі не ў прайм-тайм, але вытрымлівалі нормы. Было абавязкова перакладаць замежныя фільмы на ўкраінскую мову. А цяпер гэта ўсё адмянілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі