Эксперт: Правы чалавека могуць парушацца ў любой краіне

МЗС Беларусі апублікавала дакумент “Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету”. 70-старонкавая праца ўказвае на “грубыя” парушэнні ў краінах ЕС, Амерыцы і Швейцарыі. Еўрарадыё разам з экспертамі ацэньвае асобныя пазіцыі дакумента.

“Асобныя выпадкі парушэння правоў, зразумела, адбываюцца ў розных краінах. Гэта з’яўляецца свайго кшталту матэрыяй, з якой пасля плятуцца змены сітуацыі да лепшага. Але, першае, які характар носяць гэтыя парушэнні: адзіночныя ці сістэмныя. І другое: і што ж пасля ўрады робяць з гэтым?” — задаецца пытаннем праваабаронца Алена Танкачова. І нездарма: парушэнне права на мірныя сходы беларускі МЗС выкрыў у Аўстрыі, Германіі, Канадзе, Нідэрландах, Вялікабрытаніі і ЗША і іншых краінах.

Алена Танкачова нагадвае, як праходзяць мірныя сходы ў нас: за месяц падаеш заяўку і чакаеш, ці дазволяць сабрацца. Калі неяк і дазваляюць, то падалей ад вачэй мінакоў: на плошчы Бангалор ці ў раёне стадыёна “Трактар”. У той жа Польшчы да 15 чалавек могуць збірацца, толькі паведаміўшы ўладам. Але беларускія дыпламаты таксама маюць, што прад’явіць і Польшчы, сцвярджаючы, што кожнае трэцяе дзіця ў гэтай краіне нараджаецца ў беднай ці крайне беднай сям’і. Нагадаем, у Беларусі беднымі лічыцца тыя, хто жыве менш, чым на бюджэт пражытковага мінімуму — 98-161 еўра ў месяц. У ЕС усё інакш.

“У Еўрасаюзе такі феномен, як “абсалютная беднасць”, мізэрна малы, разглядаецца такі паказчык, як “адносная беднасць”, калі даходы людзей параўноўваюцца з 60% ад “медыяннага даходу” (вышэй якога зарабляе 50% насельніцтва і 50% — адпаведна, ніжэй). Калі паглядзець у некаторых краінах ЕС, там рыса беднасці часам перавышае 17 тысяч еўра ў год. То бок значна больш тысячы еўра ў месяц”, — адзначае дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Яшчэ ў дакуменце гаворыцца пра неанацысцкія акцыі ў Венгрыі, Эстоніі, Літве ці Германіі. Тым часам, як у Вялікабрытаніі больш за 1,5 года “трымаюць у зняволенні” заснавальніка скандальна вядомага сайта Wikileaks Джуліяна Асанжа (журналіст не можа пакінуць амбасаду Эквадора, які даў яму статус уцекача). Можна па-рознаму ацэньваць гісторыю журналіста, а таксама дзейнасць урадаў, якую ён “асвятляў”. Праваабаронца Гары Паганяйла разважае, як бы такая справа магла скончыцца ў Беларусі:

“Калі б такі чалавек аказаўся ў руках нашых так званых праваахоўнікаў, то быў бы заключаны пад ахову і асуджаны на доўгі тэрмін. Нашы б доўга тут не разбіраліся, што гэта за інфармацыя, ці наносіць дзяржаве рэальную шкоду, альбо гэта праваабарончая дзейнасць, якая не наносіць шкоды дзяржаве”.

Праваабаронца раіць беларускім дыпламатам не толькі крытыкаваць дакладамі іншыя дзяржавы, але і звярнуць сваю ўвагу на тое, што адбываецца ўнутры краіны.

Аналітык BISS Андрэй Елісееў кажа, што правы чалавека могуць парушацца як у Ісландыі, так і ў Паўночнай Карэі. Толькі недзе парушэнне будзе тычыцца сацыяльных правоў, а недзе — базавых. І можа дайсці да катаванняў.

Андрэй Елісееў: “Даклад МЗС, хутчэй, зроблены, каб узаемна атакаваць заходнія краіны, і мець нейкую фактуру, каб паказаць: у вас таксама парушаюцца правы чалавека, таму вы нас у гэтым не вінавацьце. Толькі парушэнне правоў чалавека ў ліберальных дэмакратыях не застаюцца без рэакцыі. Чаго, на жаль, нельга сказаць аб Беларусі”.

Увогуле, эксперт здзіўляецца, чаму аналізам сітуацыі з правамі чалавека ў краінах свету займаецца наш МЗС, калі рэальна гэта справа спецыялізаваных праваабарончых арганізацый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі