Эксперт: Калі б Польшча магла, то ўжо зараз адкрыла б мяжу

Еўрасаюз не ўвядзе бясплатных візаў для беларусаў. Грамадствы краінаў Старога Свету вельмі крытычна настроеныя супраць імігрантаў, таму і дадатковай колькасці замежных турыстаў з Усходняй Еўропы ў ЕС асабліва ніхто не чакае. Але адмена візаў была б сапраўды моцным крокам Брусэля насустрач беларускай грамадзянскай супольнасці, лічыць польскі навуковец Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі, супрацоўнік кафедры тэорыі знешняй палітыкі і бяспекі ўніверсітэта горада Лодзь.


Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі: Я лічу, што гэта найважнейшы інструмент, які застаецца ў руках Еўрасаюза. Што праўда, я з’яўляюся песімістам, што да імавернасці яго выкарыстання з боку Еўрасаюза. Але ў цяперашняй сітуацыі, у цяперашніх настроях, прынамсі з гэтага тыдня, калі ў Францыі дайшло да забойства,  здзейсненага эмігрантам — гэта ўзбуджае антыэмігранцкія настроі. А ў краінах мэтавай іміграцыі — а гэта старыя багатыя краіны Еўрасаюза: Нямеччына, Францыя, Швецыя, Аўстрыя, краіны Бенілюксу — антыэмігранцкія настроі электарату моцныя настолькі, што палітыкі пад ціскам сваіх выбаршчыкаў не пагодзяцца на істотную лібералізацыю візавай сістэмы. Відавочна, гэта страта для нас — і для Польшчы, і для Беларусі, бо я лічу, што ў інтарэсах Польшчы найшырэйшае адкрыццё перадусім мяжы з Беларуссю. Шкада, што Польшча ў гэты момант не мае магчымасці манеўраваць уласнай візавай палітыкай, бо ў рамках шэнгенскай групы мусіць дапасоўвацца да палітыкі Еўрасаюза. Калі б гэта залежыла ад Польшчы, на маю думку, мы адразу ж адкрылі б мяжу, прынамсі для звычайных грамадзянаў. Але, нягледзячы на моцныя сутнасныя аргументы, якія палякі ў рэшце рэшт могуць прыводзіць і ў Еўрасаюзе, — я сам спрабаваў гэта рабіць — гэтых аргументаў зусім не слухаюць, яны выклікаюць абурэнне і атаку на нас.


Рашэнне па пашырэнні санкцый на бізнэсоўцаў і некаторыя кампаніі істотна не паўплывае на беларускія ўлады, лічыць Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі.


Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі: Я думаю, што адносіны яшчэ пагоршацца, калі магчымае яшчэ большае пагаршэнне ў дыпламатычным вымярэнні. Але я лічу, што гэта запозненая акцыя, і надалей занадта фрагментарная, санкцыі павінны ахапіць некалькі тысяч асобаў для таго, каб мець нейкае значэнне. Павінны быць ахопленыя асобы, што належаць як да наменклатуры, гэтак і да апарату гвалту — міліцыя, пракуроры, суддзі. Але калі гэта будзе датычыцца настолькі невялікай групы людзей, што не будзе мець уплыву на настроі ў апараце ўлады, гэта не будзе мець значэння, апроч сімвалічнага. І не будзе інструментам уздзеяння на сітуацыю ў Беларусі. Я лічу, што Еўрасаюз ў гэты момант не здольны прыняць ніякай істотнай акцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі