Эксперт: Бомба магла змясціцца ў дыпламат ці спартовую сумку

На платформе станцыі метро "Кастрычніцкая" ў выніку выбуху 11 красавіка ўтварылася варонка дыяметрам каля метра. Выбуховая хваля разбурыла перакрыцце таўшчынёй у 30-40 см, часткова захавалася арматура.


Вызначыць выбуховае рэчыва пакуль цяжка. Але яно магло змясціцца нават у дыпламат, паведаміў Еўрарадыё намеснік дэкана факультэта горнай справы ды інжынернай экалогіі БНТУ Уладзімір Стасевіч:


“Па тых разбурэннях, якія я бачыў, сказаць канкрэтна, што гэта магло быць, немагчыма. Тое, што паказвалі па тэлебачанні, — усё было ў задымленні”.


Якое гэта было выбуховае рэчыва, могуць вызначыць толькі эксперты-крыміналісты, адзначыў Стасевіч. Па выніках выбуху гэта зрабіць магчыма.


Уладзімір Стасевіч: “Справа ў тым, што сама дэтанацыя не заўсёды можа працякаць у поўным аб’ёме. І нейкія крупінкі або рэшткі рэчыва могуць заставацца. Толькі па гэтаму можна вызначыць канкрэтны хімічны склад”.


Але зараз эксперты могуць казаць толькі пра магчымую колькасць выбуховага рэчыва.


Уладзімір Стасевіч: “Ёсць такі панятак як трацілавы эквівалент. Па тым, што казалі, — цалкам магчыма, што гэта былі 5-7 кілаграмаў у эквіваленце траціла. А выбуховым рэчывам магло быць усё што заўгодна”.


Выбуховая хваля была вельмі моцнай. Людзей скідвала з эскалатараў… Гэта кажа пра тое, што выбуховае прыстасаванне знаходзілася сярод людзей, кажа эксперт.


Уладзімір Стасевіч: “Ударная паветраная хваля толькі пацвярджае, што сапраўды гэты зарад не быў дзесьці схаваны, а знаходзіўся сярод людзей, сярод ног. Асноўным эфектам як раз і стала ўдарная паветраная хваля, якая траўмавала людзей”.


Намеснік дэкана кажа, што такая колькасць выбуховага рэчыва магла змясціцца ў звычайнай гаспадарчай сумцы ці нават дыпламаце.


Уладзімір Стасевіч: “Што гэта мусіла займаць па аб’ёме — лёгка падлічыць. Калі гэта грануляванае ці парашкападобнае выбуховае рэчыва, то, калі груба браць, — атрымаецца пяць літраў, пяць дэцыметраў кубічных... То бок цалкам магло змясціцца практычна ў любую сумку, пакет, дыпламат у тым ліку. Памеры звычайнай гаспадарчай, спартыўнай сумкі дазваляюць пранасіць такую колькасць выбуховага рэчыва”.


На жаль, вырабіць такое прыстасаванне можна нават у хатніх умовах, падсумаваў эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі