Эксперт: Баніць сістэму – не азначае рабіць добра грамадству

120326 ShumanS.mp3

Еўрарадыё:  У сваім артыкуле “Беларусь на пути албанизации” на сайце http://www.newspeak.by вы сцвярджаеце, што санкцыі шкодныя не толькі для афіцыйных беларускіх эліт, але і для звычайных беларусаў. Чаму Беларусь, на вашу думку, не заслужыла санкцый?

Андрэй Шуман: Праблема ў матывацыі санкцый. Абвяшчаецца, што трэба ўздзейнічаць на рэжым для вызвалення палітзняволеных, для лібералізацыі грамадства. Але з пазіцыі гэтых матываў, дадзеная стратэгія аказваецца няўдалай. Мы ведаем, што пасля санкцый палітзняволеных не вызваляць, лібералізацыі не будзе, а будзе яшчэ большае паглыбленне палітычных і эканамічных сувязяў з Расіяй. Практычна, дзякуючы такому кроку, Беларусь не лібералізуецца, а ўключаецца ў расійскую прастору і ператвараецца ў рэгіён з вельмі моцным уплывам Расіі і без палітычнага кантакту з Еўропай. Такім чынам, дадзеная стратэгія пройгрышная і не прыводзіць да вырашэння пастаўленых задач.

Еўрарадыё: Што б вы параілі кожнаму з бакоў – беларускім уладам, апазіцыі і еўрапейскім палітыкам?

Андрэй Шуман: Хутчэй за ўсё, праблема не будзе вырашаная ў бліжэйшы час, эскалацыя канфлікту будзе працягвацца, бо суб’ектамі падзеяў з’яўляюцца або крайнія апазіцыянеры, людзі вельмі радыкальна настроеныя, або афіцыйны Мінск, які прад’яўляе вельмі жорсткую пазіцыю. У сувязі з гэтымі двума суб’ектамі вельмі складана прадказаць іншую сітуацыю чым цяперашняя. Што можна было б зрабіць? Па-першае, уключаць у абмеркаванне гэтай тэмы як мага больш суб’ектаў. Напрыклад, вядома, што Юрый Зісер выказваўся супраць санкцый і пры гэтым негатыўна ацэньваўся ў ліберальнай прэсе. Дзіўна, што чалавек выказвае сваё меркаванне, не падтрымлівае рэжым і пры гэтым вельмі негатыўна ўспрымаецца ў асяроддзі, якое, здавалася б, павінна быць талерантным да іншага меркавання. То бок першы крок – гэта уцягванне іншых суб’ектаў. З боку Еўропы гэта спроба ўцягваць Беларусь у еўрапейскія працэсы, імкненне зрабіць першы крок насустрач, аслабіць напал канфлікту.

Еўрарадыё: Але сама Еўропа не настолькі радыкальная ў дачыненні да Беларусі, як ЗША. Калі Еўропа нават адменіць санкцыі, што адбудзецца ў Беларусі? Наўрад ці беларускі рэжым пойдзе на трансфармацыю.

Андрэй Шуман: Безумоўна, праблема існуе. Тое, што Еўропа спрабуе разгайдаць сітуацыю, гаворыць пра тое, што Еўропа разумее безвыніковасць папярэдніх метадаў. Але і цяперашні метад працягвае старое рэчышча старонняга назірання. Але зараз усё адно сітуацыя іншая. Па-першае, зараз баняцца пэўныя камерцыйныя арганізацыі, што кіруюцца пэўнымі людзьмі, па-другое, нядаўна адбылося паседжанне Балонскага камітэту, і было прынятае рашэнне, не зацвярджаць заяўку Беларусі на далучэнне да Балонскага працэсу.

Еўрарадыё: А наша вышэйшая адукацыя падрыхтаваная да ўступлення ў Балонскі працэс?

Андрэй Шуман: Не, але можна проста даць “дабро” самому працэсу, і паставіць пэўныя задачы. Напрыклад, двухузроўневая адукацыя, стварэнне самакіравання студэнтаў.

Еўрарадыё: Але ў сітуацыі татальнага кантролю, якое можа быць студэнцкае самакіраванне?

Андрэй Шуман: Не, у прынцыпе, усе арганізацыі кшталту БРСМ задумваюцца ўладамі каб кантраляваць працэс самакіравання. Тую ж мэту маюць усялякія НУА на базе універсітэтаў, гурткі ды іншае. Я не бачу тут прынцыповай праблемы, калі прыбраць палітычны аспект, напрыклад, уцягванне ў палітычныя партыі, то самакіраванне можа рэалізоўвацца нават у цяперашняй Беларусі.

Еўрарадыё: Палітыка беларускіх уладаў заснаваная на маскаванні. Вы пішаце ў сваім артыкуле што беларуская апазіцыя стварыла на захадзе кепскі імідж краіны. Маўляў, не ўсе афіцыйныя чыноўнікі могуць даехаць да Еўропы, каб прадставіць Беларусь. Ці няма небяспекі, што пад іміджам, які створаць беларускія чыноўнікі не будзе ніякага грунту?

Андрэй Шуман: Сапраўды, у Беларусі вельмі шмат што маскуецца, і вельмі шмат ілжывых прэзентацый. Але трэба ўцягваць грамадства ў еўрапейскія працэсы. Напрыклад, той жа Балонскі працэс – у кожным выпадку, пры ўзгадненні ўсіх дакументаў узнікнуць пытанні, што трэба рабіць, каб працэс пайшоў максімальна адэкватна. Калі мы будзем думаць, што ў нас усё кепска, усё маскуецца, і пры гэтым нічога не рабіць, то нічога і не будзе адбывацца. Баніць сістэму – не азначае рабіць добра народу і грамадству. Трэба старацца, усведамляючы маскі, паступова здымаць іх у працэсе дыялогу.

Еўрарадыё: Акрамя Балонскай сістэмы, якім можа быць інструмент аб’яднання Беларусі і Еўрасаюза? Што Беларусь можа прапанаваць Еўрасаюзу?

Андрэй Шуман: Праблема ў некампетэнтнасці вышэйшага эшалону ўлады. Бясспрэчна, што было вельмі шмат правальных палітычных крокаў, напрыклад, тое, што Беларусь не ўвайшла Савет Еўропы, бо не ўвяла мараторый на смяротнае пакаранне. Ад гэтага пакутуюць тыя ж праваахоўнікі, бо правы беларусаў не могуць абараняцца ў Еўропе.

Еўрарадыё: Акурат перад расстрэлам Кавалёва і Канавалава быў момант, калі можна было ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Але Беларусь зноў не пайшла на дыялог з Еўропай?

Андрэй Шуман: Я таксама лічу, што гэта быў вельмі добры момант, каб зрабіць крок насустрач Еўропе. Такое хуткае выкананне прысуду выглядае дзіўнаватым. У кожным выпадку, з улікам усёй неадэкватнасці палітычнага рэжыму, трэба ўсё адно шукаць магчымасці. Я думаю, што мы маем дастаткова моцныя экспертныя групы, якія могуць аналітычна падтрымаць такія крокі. Трэба проста памяняць ракурс разгляду праблемы - мы можам вырашаць пытанні, не ізалюючы грамадства ад інтэграцыйных працэсаў з Еўропай. Трэба рабіць хаця б невялікія крокі, каб у працэсе дыялогу бачыць магчымасць больш глыбокай інтэграцыі з Еўропай.

Еўрарадыё: Калі ўявіць, што Еўрасаюз адмяняе візавыя санкцыі, ў Беларусі застаюцца палітзняволеныя і нічога не змяняецца ў палітычным рэжыме, але Беларусь атрымлівае карт-бланш і можа размаўляць з Еўропай. Пра што яна можа размаўляць?

Андрэй Шуман: Калі паглядзець на мінулае – ёсць механізмы, якія спрацоўваюць. Напрыклад, нейкія ільготныя крэдыты, якія рэжым будзе браць з радасцю, каб уратаваць сваю эканамічную сітуацыю. Пры гэтым рэжым пойдзе насустрач Еўропе і вызваліць палітзняволеных. Пытанне ў тым, наколькі Еўропа гатовая эканамічна ўцягваць Беларусь. Перад 19 снежня гаварылася пра вялікую прыватызацыю ў Беларусі, фактычна, вялікая прыватызацыя рыхтуецца. Еўрапейскія эксперты маглі б выступіць у якасці кансультантаў. Гэта тармазіцца пераважна з-за адсутнасці нармальнай экспертнай базы, якая дазволіла б усё гэта разгарнуць. Рэжым зараз гатовы трансфармаваць эканоміку, але ён некампетэнтны ў вырашэнні глабальных пытанняў. І, калі ўцягваць Беларусь у дыялог і паказваць магчымыя крокі паляпшэння эканамічнай сітуацыі, я ўпэўнены, што Беларусь пойдзе на паляпшэнне кантактаў з Еўропай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі