Экс-міліцыянту, які збіў затрыманых, прысудзілі 6 гадоў узмоцненага рэжыму
У Брэсце суд прызначыў 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму былому супрацоўніку Маскоўскага РАУС. Экс-міліцыянта Алега Самарчука прызналі вінаватым у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, піша tut.by.
Таксама Самарчука пазбавілі спецзвання "старшы сяржант" і абавязалі выплаціць пацярпелым кампенсацыю маральнай шкоды. Сяргею Каляду ён павінен заплаціць 5000 рублёў, Аляксандру Зехаву — 3 тысячы рублёў. Акрамя таго з абвінавачанага спагналі на карысць Зехава кампенсацыю выдаткаў на юрыдычную дапамогу.
Самарчуку забаранілі на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, а таксама пасады ў органах і падраздзяленнях МУС, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
Яго ўзялі пад варту ў зале суда.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Як паведамлялася раней, Самарчук у апорным пункце "ў групе з невысветленымі асобамі" жорстка збіў двух брастаўчан, затрыманых за знаходжанне ў публічным месцы ў нецвярозым выглядзе. На судзе экс-міліцыянт не прызнаў сябе вінаватым.