Экс-кіраўнік Смалявічаў: ганаруся сваімі дзецьмі, яны з першага дня на барыкадах

Экс-кіраўнік Смалявічаў: ганаруся сваімі дзецьмі, яны з першага дня на барыкадах

Экс-старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл Загорцаў у відэазвароце асудзіў гвалт з боку сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Адпаведнае відэа апублікаваў 22 верасня TUT.by.

Імя Загорцава стала шырока вядомае пасля паведамлення, што ён атрымаў чынавенскую пасаду ў Ялце — там яго прызначылі намеснікам кіраўніка гарадской адміністрацыі. Да Ялты Загорцаў 10 гадоў быў старшынёй Бабруйскага гарсавета і старшынёй Смалявіцкага райвыканкама.

Калі запісаны відэазварот, невядома, але ясна, што зроблена гэта было пасля жорсткіх разгонаў мірных акцыяў. Загорцаў паведамляе, што знаходзіцца на лячэнні і што ён двойчы перажыў клінічную смерць. Чыноўнік заяўляе, што баіцца не дажыць да свабоднай Беларусі. 

"Нашыя дзеці зрабілі гэта, вялікі дзякуй нашым жанчынам за ўсё. Нашае пакаленне просіць прабачэння, што дапусціла гэта. Былыя калегі, мэры гарадоў, старшыні, яшчэ не позна не дапусціць ніякага кровапраліцця. Вы бачылі, што людзі вырашылі ўсё змяніць, вы гэтаму перашкаджалі, яшчэ не позна выправіцца і ісці разам з народам", — гаворыць Загорцаў.

Ён просіць перайсці на бок народа сваіх былых калег, а таксама знаёмых генералаў. Згадаў ён у звароце і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева:

"Спадар Караеў, вы ўспомнілі вашую сям'ю і дзяцей. Чаму вы не памятаеце пра нашых дзяцей? Тут шмат размоваў пра расійскі след. Тут складана паверыць, мы дагэтуль не можам паверыць, што нашыя беларусы могуць так здзекавацца з дзяцей і жанчын". 

Загорцаў кажа, што звяртаўся да мэраў расійскіх гарадоў-пабрацімаў і кіраўнікоў расійскіх заводаў з просьбай не пускаць сваіх дзяцей чыніць гвалт у Беларусі. Ён заявіў, што калі расіяне прыйдуць не з добрымі намерамі, то супраць іх паўстане кожны беларус.

Таксама ён падкрэсліў, што ганарыцца сваімі дзецьмі, якія з першага дня "на барыкадах". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі