Экс-кандыдатка ў Брэсцкі гарсавет судзіцца ў Вярхоўным судзе за выбары

Магчымае правапарушэнне выявіла былая кандыдатка ў Брэсцкі гарсавет Людміла Дзенісенка. Падчас азнаямлення з пратаколамі па выбарах яна звярнула ўвагу на тое, што ажно 168 жыхароў мікрараёну Задворцы 23 сакавіка, нібыта, прагаласавалі дома. Жанчына сумняецца, што сябры выбарчай камісіі здолелі за некалькі гадзін абысці прыватны сектар былой вёскі са скрынкай для галасавання. На думку Дзенісенкі, гэта немагчыма зрабіць проста фізічна.

Жанчына раней беспаспяхова звярталася ў Брэсцкую абласную і Брэсцкую гарадскую выбарчыя камісіі, каб атрымаць гэты спіс, але паўсюль ёй адмаўлялі. Адшукаць спіс Дзенісенка прасіла нават пракуратуру. Ад праваахоўнікаў стала вядома, што ён знаходзіцца ў адміністрацыі Ленінскага раёна. Аднак зварот туды таксама быў безвыніковым.

Па словах Дзенісенкі, суд Ленінскага раёну, а пасля Брэсцкі абласны суд папросту адмовіліся разглядаць яе позвы.

Дзенісенка: "Усе спасылаюцца на тое, што гэтыя спісы мне не маюць права даць. Яны што, ужо прыраўнаваныя да дакументаў асаблівай важнасці? Карацей, улады цягнулі час: 23-га верасня, учора, акурат споўнілася паўгода з выбараў, і гэтыя спісы паводле закону знішчаюцца. Таму я буду падаваць скаргу на дзеянні суда, які мне адмовіў у разглядзе грамадзянскай справы".

Жанчына прызнаецца, што не вельмі спадзяецца на станоўчы вынік ад звароту ў Вярхоўны суд. Аднак калі найвышэйшая судовая інстанцыя яе скаргу не задаволіць, экс-кандыдатка будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі