ЕГУ абверг інфармацыю аб прапанове ўладаў вярнуцца ў Беларусь

Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту не прапаноўвалі вярнуцца ў Беларусь. Інфармацыю пра тое, што беларускія ўлады выступілі з такой прапановай, у размове з Еўрарадыё абверг рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў.
Анатоль Міхайлаў: “Я вельмі здзіўлены такога кшталту інфармацыі, для мяне яна нечаканая. І падтэкст публікацыі вельмі дзіўны. Там ёсць спасылка на нейкіх супрацоўнікаў ЕГУ, якія яе паведамілі. Яны што – выступаюць ад імя беларускіх уладаў, супрацоўнікі ЕГУ? Па-другое, пішуць, што я з радасцю адрэагаваў на прапанову. Адкуль яны ведаюць, як я буду рэагаваць?! Магчыма, у падмурку ляжыць рэзалюцыя Еўрапарламента, дзе пішуць, што гэта адна з умоў паляпшэння адносінаў, але маецца на ўвазе дэмакратызацыя краіны, а не спроба аддаць нас тым, хто нас і знішчыў. А яны засталіся там жа, на тых жа месцах. І дзіўна, навошта Халезін у гэта ўвязваецца. Навошта яму гэта патрэбна?”.

Пра тое, што беларускія ўлады прапанавалі ЕГУ вярнуцца з Вільні ў Беларусь, паведаміла “Хартыя’97” са спасылкай на кіраўніка Свабоднага тэатра Мікалая Халезіна. Атрымаць каментар у драматурга ў Еўрарадыё пакуль не атрымалася.

Нагадаем, што ў 14 артыкуле прынятай 9 кастрычніка рэзалюцыі Еўрапарламента аб сітуацыі ў Беларусі ўздымаецца пытанне пра зачынены па палітычных матывах Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. У 2004 годзе ЕГУ быў вымушаны пераехаць з Мінска ў Вільню, дзе і працуе па сённяшні дзень у якасці афіцыйна зарэгістраванага літоўскага ўніверсітэта, дыпломы якога прызнаюцца ва ўсім Еўрасаюзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі