Эдуард Малафееў атрымаў Ізумрудны ордэн УЕФА за футбольныя заслугі

Заслужаны трэнер Беларусі і Савецкага Саюза Эдуард Малафееў атрымаў Ізумрудны ордэн Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА). Узнагароду вядомаму беларускаму спецыялісту ўручыў прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні ў Капенгагене перад пачаткам 33-га кангрэсу гэтай арганізацыі.

Цяпер 66-гадовы Эдуард Малафееў з'яўляецца галоўным трэнерам санкт-пецярбургскага "Дынама", якое гуляе ў другім дывізіёне расійскага чэмпіянату. Найбольшага поспеху ў якасці трэнера Эдуард Малафееў дабіўся ў 1982 годзе, калі мінскае "Дынама" пад яго кіраўніцтвам стала чэмпіёнам Савецкага Саюза.

Акрамя нашага земляка ўзнагароды УЕФА атрымалі яшчэ некалькі вядомых у футбольным свеце людзей. Уладальнікамі Рубінавых ордэнаў сталі Віктар Панядзельнік (Расія) і Лешак Рыльскі (Польшча), а Ізумруднымі адзначаныя заслугі Антэ Паўловіча (Харватыя), сэра Бобі Робсана (Англія), Эдзі Бары (Паўночная Ірландыя), а Надар Ахалкацы-старэйшы (Грузія) атрымаў гэтую ўзнагароду пасмяротна. Ордэн быў уручаны яго сыну Надару Ахалкацы-малодшаму, які цяпер узначальвае грузінскую Федэрацыю футболу.

БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі