“Джамбібум” адзначаць сваё пяцігоддзе канцэртам у Мінску

Гурт “Джамбібум” адзначыць сваё пяцігоддзе 5 траўня на сцэне маладзёжнага тэатра эстрады ў Мінску. Таксама ў канцэрце паўдзельнічаюць сябры юбіляраў: “Акана-NHS”, “Гаротніца”, “IQ-48” у акустычным варыянце і некаторыя іншыя. Свой выступ “Джамбібум” дзеліць на дзве часткі. У першай прагучаць новыя песні, напісаныя за апошні год, а ў другой – песні, якія музыкі самі называюць сваімі “старымі хітамі”.

Лідэр гурта Наста Хмель адзначае, што па выніках 5-гадовага існавання яе гурт найбольш запатрабаваны не на Радзіме і не за яе межамі, а ў інтэрнэце. Творчыя ідэі “Джамбібума” часам супадаюць з запатрабаваннямі музычнага рынку, але выпускаць фарматны прадукт, толькі дзеля таго, каб зарабіць, яны не збіраюцца.

“Менавіта цяпер мы ўсталяваліся, сталі сапраўдным калектывам, а не проста бандай вар’ятаў, якой мы былі на самым пачатку. Калісьці я чула пра нас такую думку, што “Джамбібум” – гэта хаатычная экспрэсія. І, сапраўды, гэта было так.

Цяпер гэты хаос змяняецца да нечага больш стройнага, асэнсаванага. І мне гэта падабаецца. Але можа быць “пераклініць”, і я буду займацца нечым цалкам іншым. І мне будзе зусім не сорамна пакідаць тое, што мы зрабілі, бо цяпер мне гэта падабаецца і я гэтым ганаруся”, – распавяла Наста ў размове з Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі