Дзень закаханых Вайцюшкевіч адсвяткуе у "Доме ветэранаў"

Упершыню пасля пяцігадовага перапынку праграма “Паравіны году” Змітра Вайцюшкевіча прагучыць самастойна падчас святочнага канцэрта, які ладзіць артыст з нагоды Дня закаханых.  Як паведаміў Зміцер Еўрарадыё, апроч “паравінных” песень, на канцэрце можна будзе пачуць і песні з сумесных праектаў:

Зміцер Вайцюшкевіч: “Ну, па-першае, будзе праграма “Паравіны году”, якая ўжо гадоў 5 самастойна не гучала. І плюс песні з сумесных праектаў. Карацей, павінна быць добра”.

Выступ Вайцюшкевіча 14-га лютага будзе адзначаны таксама яго вяртаннем у Палац Культуры ветэранаў: былое кіраўніцтва палацу занесла спевака ў “чорныя спісы”, якія, дзякуючы прыходу новых людзей, скасаваныя.

На дадзены момант спявак рыхтуе да выдання альбом на вершы польскага паэта Рафала Ваячка. Паводле Змітра, зараз вядуцца перамовы наконт выдання пласцінкі ў Польшчы:

Зміцер Вайцюшкевіч: “Альбом выйдзе, калі будуць грошы на выданне яго ў Польшчы. Зараз мы чакаем адказу з польскага боку, таму што мне вельмі важна, каб ён там выйшаў”.

Нагадаем, 14-га лютага ў 19.00 у Палацы Культуры ветэранаў – Зміцер Вайцюшкевіч і яго аркестр. Кошт квіткоў ад 20 да 40 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі