Дональду Трампу пагражае турма

Дональд Трамп

Дональд Трамп / Reuters

Прысяжныя ў судзе Нью-Ёрка аднагалосна прызналі экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вінаватым у фальсіфікацыі дзелавой дакументацыі з мэтай утойвання сумы, выплачанай былой акторцы фільмаў для дарослых Стормі Дэніелс. Ён заплаціў порнаактрысе, каб прымусіць яе замаўчаць перад выбарамі 2016 года. Пасля двух дзён абмеркавання журы прызнала Трампа вінаватым па ўсіх 34 пунктах абвінавачвання, піша Reuters.

У выніку Трамп стаў першым у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, якога прызналі вінаватым ва ўчыненні крымінальнага злачынства. Прысуд па гэтай справе будзе вынесены 11 ліпеня усяго за некалькі дзён да таго, як рэспубліканская партыя афіцыйна абвесціць Трампа сваім кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада.

Максімальнае пакаранне за фальсіфікацыю дакументаў складае чатыры гады турэмнага зняволення, але часта асуджаным прызначаюць больш кароткія тэрміны, штрафы або выпрабавальны тэрмін. Але нават турэмнае зняволенне не перашкодзіць Трампу праводзіць перадвыбарчую кампанію або ўступіць у пасаду, калі ён пераможа.

Сам Трамп адмаўляе сваю віну. Яго адвакат заявіў пра намер падаць апеляцыю. "Гэта была ганьба", сказаў Трамп журналістам пасля пасяджэння суда. Ён таксама заявіў пра сваю невінаватасць і што судовы працэс супраць яго быў сфальсіфікаваны. "Сапраўдны вердыкт народ вынесе 5 лістапада", падсумаваў Трамп.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі