Доктар Кабасакал — пра дыету Лукашэнкі: Гэта пагражае запорамі

Доктар Кабасакал — пра дыету Лукашэнкі: Гэта пагражае запорамі

Доктар-дыетолаг Ірына Кабасакал у каментары "Беларускаму партызану" раскрытыкавала дыету, пра якую сёння публічна распавёў Аляксандр Лукашэнка.

“Тры яйкі раніцай, у абед — мяса, вечарам — рыба, колькі хочаш. Жорсткая дыета, бялковая”, — распавёў пра сваё харчаванне беларускі кіраўнік. Таксама ў яго ёсць невялікія перакусы паміж асноўнымі прыёмамі ежы. 
 
На думку Кабасакал, такая дыета небяспечная і шкодная для здароўя. "На бялковым харчаванні сапраўды вельмі хутка худнееш. Але трэба не забываць пра тое, што вялікая колькасць бялку — гэта сур'ёзная нагрузка на ныркі. Да таго ж адсутнасць клятчаткі і пераважна бялковая ежа ў арганізме прыводзяць да запораў, прычым хранічных", — каментуе доктарка.

Таксама яна рэкамендуе абмежаваць колькасць жаўткоў і не ўжываць іх кожны дзень. Максімум — адзін-два разы ў тыдзень. У яйках, нагадвае Кабасакал, утрымліваецца вялікая колькасць халестэрыну.

"І дзе гародніна? Дзе садавіна? Дзе ягады? На самой справе, усё гэта ў нашай краіне даступна. Вельмі шмат прадаецца замарожаных ягад, прычым менавіта беларускіх. Не абавязкова купляць імпартныя", — абураецца дыетолаг.

"Думаю, наш прэзідэнт можа дазволіць сабе харчавацца карысна, а не губіць сваё здароўе. Таму я рэкамендавала б яму перагледзець свой рацыён і зрабіць упор на гародніну, асабліва на зялёную. І паглядзець у бок шчолачнага харчавання — пра гэта шмат інфармацыі ў інтэрнэце. Трэба абавязкова ёсць хоць бы грамаў 500 гародніны і зеляніны ў суткі!" — дае парады Кабасакал.

Яна раіць на сняданак есці крупы — аўсяныя ці грачаныя, дадаваць сметанковае масла. 

"Адным словам, я парэкамендавала б прэзідэнту змяніць дыетолага", — падсумоўвае Кабасакал.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі