Добраахвотнікі злавілі ў Беларусі ўкраінскіх рыбакоў далёка ад дзяржмяжы
У Брагінскім раёне Гомельскай вобласці ўдзельнікі добраахвотнай дружыны, якія дапамагаюць ахоўваць дзяржаўную мяжу, затрымалі дваіх невядомых грамадзян на надзіманай лодцы з падвясным маторам. Здарэнне адбылося на возеры Папоўскае 19 верасня. На месца быў выкліканы памежны нарад.
Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, высветлілася, што затрыманыя — грамадзяне Украіны, жыхары Сумскай вобласці ва ўзросце 42 і 43 гадоў. Паводле слоў мужчын, яны паехалі на рыбалку і так захапіліся, што не заўважылі дзяржаўнай мяжы. Украінцы заплылі ў Беларусь на 1,5 км. Пры гэтым ніякіх дакументаў у парушальнікаў не было.
У адносінах затрыманых распачалі адміністрацыйны працэс. Украінцаў вернуць на радзіму, а лёс іх лодкі вырашыць суд.
Здымак з архіву.