Для тых, хто атрымаў дозу, радыяцыя і цяпер — бомба запаволенага дзеяння

Еўрарадыё: Як часта ў Беларусі пішуць дысертацыі на Чарнобыльскую тэматыку?


Якаў Кёнігсберг: Пра гэта мала хто ведае, але ў 1986 годзе навукоўцы паміж сабой дамовіліся, што першыя пяць гадоў пасля Чарнобыльскай аварыі не будуць абараняць ніякіх дысертацый на гэтую тэму. Спачатку трэба было нармальна разабрацца, што адбываецца – хто насамрэч пацярпеў, што рабіць з зямлёй, лясамі, жывёламі. Такая была дамоўленасць і яна вельмі строга выконвалася ва ўсім былым СССР. Ніхто не абараняў дысертацыі на працягу гэтага часу. Не таму, што гэта было сакрэтна, навукоўцы прынялі такое рашэнне асэнсавана, каб не спяшацца з высновамі з-за таго, што шмат інфармацыі яшчэ не было.

Якаў Кёнігсберг – прадстаўнік урада Беларусі ў Навуковым камітэце ААН па ўздзеянні атамнай радыяцыі, прафесар, доктар біялагічных навук. Працуе ў “Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтр гігіены” ў лабараторыі радыяцыйнай бяспекі.


Другая справа, калі казаць пра здароўе людзей… Тое, пры якіх дозах апраменьвання чалавек можа выжыць, пры якіх не – гэта ўсё было добра вядома яшчэ да Чарнобылю. Тут Чарнобыль нічога новага не даў. Дозы ўсе былі вядомыя, эфекты таксама.


Гаворка ішла перш за ўсё пра аддаленыя наступствы для здароўя – так званыя стахастычныя або верагоднасныя эфекты апраменьвання ў розных дозах. Гэтыя эфекты развіваюцца далёка не адразу. Выпадкі раку, якія могуць быць звязаныя з радыяцыйным апраменьваннем, узнікаюць праз некалькі гадоў… Першымі ўзнікаюць лейкозы ў дзяцей, якія атрымалі апраменьванне (на працягу некалькіх гадоў). А так званыя солідныя пухліны, то бок пухліны розных тканак могуць узнікаць і праз дзесяцігоддзі. У Японіі гэта было пачынаючы з 10-га года пасля аварыі. Таму праз 5 год яшчэ было рана казаць пра нармальныя аддаленыя эфекты.


Еўрарадыё: Ці набыла гэта тэма большую актуальнасць або другое дыханне ў святле будаўніцтва АЭС у Беларусі?


Якаў Кёнігсберг: Нейкіх адмысловых дадатковых даследаванняў па Чарнобылі ў сувязі з меркаваным будаўніцтвам атамнай электрастанцыі не робіцца. Галоўнае для нас – гэта выкарыстанне досведу Чарнобыля для падвышэння бяспекі эксплуатацыі будучай беларускай АЭС. Пасля Чарнобыля і Фукусімы былі перагледжаныя шмат якія міжнародныя дакументы ў плане падрыхтоўкі і рэагавання на такія аварыйныя сітуацыі.


Еўрарадыё: На якія тэмы ў асноўным пішуцца дысертацыі?


Якаў Кёнігсберг: Тэмы самыя розныя. З апошніх навуковых прац па Чарнобылі — гэта доктарская дысертацыя. Абараніў яе дырэктар "Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі" Аляксандр Ражко, абараняў у Санкт-Пецярбургу. У яго была праца па захворванні шчытападобнай залозы. Гэта была самая апошняя праца, якая была абароненая ў мінулым годзе. Сёлета абаронаў на падобную тэму не было.


Але я не ведаю, чаго вы ўсё пытаецеся пра дысертацыі… Дысертацыі – гэта плён шматгадовай працы канкрэтнага чалавека ў межах зацверджаных і фінансуемых дзяржавай навуковых праграм. Не тое, што “я гэта прыдумаў – я гэта зрабіў”. Няма цяпер геніяў-адзіночак…

 


Еўрарадыё: Тым не менш, напэўна, большасць даследаванняў тычацца здароўя?


Якаў Кёнігсберг: Я б не сказаў. Калі прааналізаваць усё, што было абароненае па Чарнобылі ў нас, у Расіі, ва Ўкраіне… Большасць прац, відаць, было абаронена ў сферы сельскагаспадарчай радыялогіі, таму што там вельмі складаная сістэма… Сама глеба – гэта жывое асяроддзе, напрыклад, што тычыцца пераходу радыенуклідаў з глебы ў расліны, як залежыць утрыманне стабільных элементаў калію ў глебе, мікраэлементаў, як яны ўплываюць на пераход радыенуклідаў у расліны і г.д.


Як радыенукліды ўплываюць на жывёльны свет – плаваюць рыбы, бегаюць жывёлы, лятаюць птушкі… Усё гэта трэба вывучаць. Але шмат чаго было зроблена да Чарнобылю, вельмі шмат займаліся радыяцыяй і да Чарнобыля. Усе краіны рыхтаваліся да ядзернай вайны, таму гэты фактар неабходна было вывучаць. Усе гэтыя працы вельмі моцна актывізаваліся пасля бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі. Таму нельга лічыць, што да Чарнобыля ніхто нічым не займаўся і нічога не ведаў.


Еўрарадыё: Пераходзячы да здароўя…


Якаў Кёнігсберг: Так, што тычыцца здароўя. Аварыя адбылася ў 1986 годзе. А Хірасіма і Нагасакі была ў 45-м годзе. То бок мінулі 43 гады пасля таго, як пачалося вывучэнне вялікіх кантынгентаў людзей у Японіі, якія падвергліся атамнай бамбардзіроўцы. Усе даследаванні на людзях праводзіліся, яны проста не публікаваліся. Таму да 1986 года было добра вядомае ўздзеянне радыяцыі на чалавека.


Еўрарадыё: Вы кажаце, што на момант Чарнобыльскай трагедыі ўжо шмат ведалі пра ўплыў радыяцыі на арганізм людзей… Але як гэтыя веды паўплывалі на іх здароўе?


Якаў Кёнігсберг: Яшчэ да Чарнобылю быў уведзены цэлы шэраг нарматыўных дакументаў, якія рэгламентавалі ўзровень доз, якія можа атрымліваць чалавек. І што з гэтага атрымаецца… То бок былі нормы радыяцыйнай бяспекі Савецкага Саюза, дакументы па забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі. Былі дакументы, што рабіць у выпадку аварыі на атамных рэактарах. Іншая справа, што не ўсе гэтыя дакументы былі ўведзеныя ў дзеянне ў 86-м годзе з-за пэўнай блытаніны і з-за вельмі вялікага маштабу самой аварыі.


Прывяду вам просты прыклад. Пасля Чарнобылю 27 красавіка горад Прыпяць, горад атамшчыкаў, які знаходзіўся побач са станцыяй, ён ужо 27 чысла быў эвакуяваны. А вось эвакуацыя астатніх – з 30-кіламетровай зоны – пачалася з 2-га траўня. Выкарыстоўваліся тыя крытэрыі, якія былі прапанаваныя Міністэрствам аховы здароўя Савецкага саюза.


Так, прыпазніліся з эвакуацыяй, трэба было рабіць раней. У Японіі эвакуацыю зрабілі праз некалькі гадзін пасля цунамі і землятрусу, пры спыненых, заглушаных рэактарах, калі не было яшчэ ніякага выкіду радыеактыўных рэчаў. То бок фон на мясцовасці быў абсалютна нармальным, яшчэ нічога не адбылося.


Еўрарадыё: Ці ёсць статыстыка, на здароўе колькіх чалавек паўплываў Чарнобыль?


Якаў Кёнігсберг: Калі кажуць, што памерлі мільёны людзей, то верыць у гэта не трэба. Першапачатковы дыягназ вострай прамянёвай хваробы быў пастаўлены 237-мі чалавекам. Пасля таго, як разабраліся, дыягназ быў пацверджаны у 234 чалавек, з іх 28 чалавек памерлі ў першыя некалькі месяцаў пасля аварыі. Яны атрымалі вельмі вялікія дозы апраменьвання, вылечыць было практычна немагчыма. Гэта былі ў асноўным пажарныя і персанал станцыі, якія апынуліся на месцы падзеяў. У наступныя гады памерла яшчэ каля 20 чалавек. Сярод насельніцтва-не ліквідатараў ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ў іншых краінах свету выпадкаў вострай прамянёвай хваробы не зафіксавана.


Еўрарадыё: Калі казаць пра здароўе насельніцтва Беларусі сёння, то наколькі Чарнобыльская трагедыя на яго ўплывае. І якіх захворванняў больш за ўсё?


Якаў Кёнігсберг: Ніякіх.


Еўрарадыё: Ну, як жа? А той рак шчытападобнай залозы?


Якаў Кёнігсберг: Гэта адзінае захворванне, якое мы не здолелі папярэдзіць. У выніку шэрагу арганізацыйных прычын, я б так іх назваў. Што трэба было рабіць – добра вядома.


Трэба было зрабіць некалькі самых простых рэчаў. Паведаміць насельніцтву пра аварыйную сітуацыю. Было зроблена? Не было. Другое – у момант праходжання радыеактыўнага воблака трэба было скамандаваць людзям знаходзіцца ва ўкрыццях, хаця б у кватэрах з зачыненымі фортачкамі. Было зроблена? Не было. Трэці момант – для таго, каб пазбегнуць уздзеяння радыеактыўнага ёду на шчытападобную залозу, трэба было правесці ёдную прафілактыку – блакіраванне шчытападобнай залозы вялікімі дозамі стабільнага ёду. Было зроблена? Не. Чаму? Таму што не было каманды, якую магла даць толькі Масква.


Тыя, хто ўдыхнуў радыеактыўны ёд, а людзі яго атрымалі з прадуктамі харчавання, з малаком перш за ўсё, асабліва дзеці… у іх мог праявіцца рак шчытападобнай залозы. Пагоршылася сітуацыя яшчэ тым, што ў Беларусі з шчытападобнай залозай заўсёды былі праблемы, у нас заўсёды быў ёдны дэфіцыт, мала ёду ў вадзе, у прадуктах харчавання… Таму ў дзяцей дозы атрымаліся высокія. І рак шчытападобнай залозы праз 4-5 гадоў ужо праявіўся.
У звычайныя часы ў дзяцей – гэта вельмі рэдкае захворванне. Да Чарнобыля на мільён дзяцей быў 1-2 выпадкі раку на год. Усяго дзяцей у нас было 2,5 мільёны. Вось і лічыце, што замест 4-5 выпадкаў на год – у нас яны пайшлі дзесяткамі. Хтосьці ўжо захварэў, хтосьці можа захварэць у будучыні… Але гэта тычыцца толькі тых, хто на момант аварыі былі дзецьмі і падлеткамі.


Еўрарадыё: То бок гэта хвароба магла яшчэ не праявіцца да гэтага часу?


Якаў Кёнігсберг: Тыя хто атрымаў дозу радыяцыі, доза застаецца бомбай запаволенага дзеяння. У кагосьці выбухне раней, у кагосьці пазней, а ў кагосьці ўвогуле не выбухне. Гэта навуцы невядома.


Але не забывайце, што ёду даўным-даўно няма. Праз 80 дзён яго ўжо не было. Таму тыя, хто не патрапіў пад ёд, а фактычна, хто нарадзіўся ў 87-м годзе – у іх са шчытападобнай залозай – як і ва ўсіх астатніх людзей.


Еўрарадыё: Ці праўда, што арганізм чалавека прывыкае да радыяцыі?


Якаў Кёнігсберг: Да Чарнобылю было вядома, што здольнасць радыяцыі выклікаць негатыўныя эфекты пры хранічным апраменьванні, калі доза паступова збіраецца – у 2 і больш разоў меншая, чым пры адзінкавым вострым апраменьванні. То бок, калі чалавек аднаразова атрымаў дозу 250 мілізіверта, у яго ўжо ёсць рызыка ўзнікнення ў будучыні ракавага захворвання. А калі гэтую дозу набіраеш на працягу гадоў, то табе трэба набраць дозу фактычна ў 2 разы большую.


І калі параўноўваць з Японіяй, то вы не забывайце, што там было вострае апраменьванне, на момант, калі адбыўся выбух – усе былі апрамененыя… У нас жа гэтае апраменьванне расцягнутае па часе.


У сярэднім, насельніцтва ўсяго свету атрымлівае дозу на ўзроўні 2-4 мілізіверты на год. А ёсць рэгіёны ў свеце – у Кітаі, Індыі, Іране, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі – дзе людзі атрымліваюць дозу ад 10 мілізівертаў на год да 200 з лішнім… Людзі там жывуць усё жыццё, і колькі не праводзіліся даследаванні, каб неяк выявіць, дзе ж там гэтыя ракі. Нічога няма.


Еўрарадыё: Пасля Чарнобылю быў час, калі паўсюль прадаваліся дазіметры… Цяпер гэтага няма. Ці ёсць сёння такая самая патрэба ў дазіметрах як раней?


Якаў Кёнігсберг: Дазіметры і цяпер ёсць у продажы, але іх вельмі мала, таму што прадпрыемствам нявыгадна іх вырабляць. Таму што ніхто не купляе… Людзі лічаць – я ўзяў дазіметр, памераў ягады ці грыбы… Нельга дазіметрам памераць ні ягады, ні грыбы. Дазіметр паказвае магутнасць дозы ў паветры. То бок наяўнасць вылучэння ў паветры. Каб памераць грыбы, ягады ці малако трэба мець добрыя прыборы, якія каштуюць вельмі дорага!

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь" на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Фота: atomic-energy.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі