Вы тут

Die Welt: Лукашэнку не ўключаць у "чорны спіс" ЕС

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм'ерам Расіі Міхаілам Мішусціным / Reuters

Аляксандр Лукашэнка не будзе ўнесены ў спіс персон нон-грата з-за пазіцыі Германіі, Францыі і Італіі, піша нямецкае выданне Die Welt са спасылкай на свае крыніцы.

На думку афіцыйных Берліна і Парыжа, сувязі з беларускім кіраўніком павінны быць адкрыты пры любых абставінах. З пазіцыяй нязгодныя Польшча і краіны Балтыі, якія ўжо ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і 39 беларускіх чыноўнікаў. На думку МЗС Літвы, Латвіі і Эстоніі, гэтыя людзі "сваімі асабістымі дзеяннямі арганізоўвалі фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і падтрымлівалі гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў".

Die Welt паведамляе, што санкцыйны спіс ЕС з імёнамі прадстаўнікоў беларускага дзяржапарату будзе апублікаваны на наступным тыдні. Суразмоўца выдання заявіў, што перамовы па Беларусі былі складанымі. Чыноўнікам, якія трапяць пад санкцыі, будзе забаронены ўезд у ЕС, таксама будуць замарожаныя іх актывы ў еўрапейскіх банках.

Беларускі МЗС назваў ўвядзенне санкцый краінамі Балтыі паспешнымі крокамі і заявіў, што Мінск дасць адэкватны адказ на гэтыя дзеянні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.