DETI PICASSO на SKIF'e

ІНТЭРВ'Ю

DETI PICASSO: "...зямныя рэчы SKIF'a не кранаюцца ніяк."

Еўрапейскаму радыё ўдалося вычапіць вакалістку гурта DETI PICASSO Гаю Аруцюнян і паразмаўляць з ёй наконт феномену "Дзяцей Пікаса" і ўражанняў ад выступлення на СКІФе.
DETI PICASSO — напэўна, самы выбітны расійскі рок-праект клубнай сцэны. Стылістыка іх вар’іруецца ад рокапопсу (першы альбом “Месяц усмешак”) да этнагранжу (альбом “Этнічныя эксперыменты”). Праект, які за два гады паспеў выступіць на адной пляцоўцы з такімі сусветна вядомымі мэтрамі альтэрнатыўнай музыкі, як Depeche Mode і Massive Attack, а таксама паўдзельнічаць у адным з самых буйных фестываляў Еўропы SZIGET.

ЕРБ: У вас тры альбомы, прычым абсалютна розныя. Адчуванне, што яны націскаюць на розныя кнопкі ў чалавеку. Чаму вы не абралі нейкі адзін напрамак і не равзіваецеся ў гэтых рамках?

Гая Аруцюнян: Пытаннем на пытанне. Якая ў вас любімая ежа? Вы б здолелі ўсё жыццё яе есці? Напэўна, не.
Вось тое самае і з музыкай. Нам цесна. Мы не можам выбраць аднаго каня, на яго сесці і ездзіць усё жыццё. Гэта вельмі сумна.
Разумееце, што хочацца і дранікаў, і баршча, і сушы, і кітайскіх локшынаў. Хочацца ўсяго, і гэта не ёсць стылістычная няўстойлівасць. Гэта не штучная, нармальная, чалавечая, прафесійная цікавасць да розных хваляў.
Няма такога, каб мы выбралі этнічную музыку — і пайгралі; выбралі арт — і пайгралі. Якая зараз хваля ідзе, у той і цікава знаходзіцца.
Вось зараз такая хваля, а заўтра, магчыма, увогуле захочацца электроніку рабіць, мабыць нейкія сэмплавыя штукі міксаваць з жывымі.

ЕРБ: Вы выступалі на Сігеце, буйным музычным еўрапейскім фэсце. На ваш погляд, ці ёсць шанцы ў СКІФа стаць такім жа па маштабах фестывалем?

Г.А.: Наўрад ці гэта ўвогуле патрэбна СКІФУ. Ён проста не збярэ такую колькасць публікі, тым больш у нашай краіне.

ЕРБ: Ці патрэбна СКІФу 50 пляцовак і шмат тысяч наведвальнікаў, як на буйных сусветных фестывалях?

Г.А.: Безумоўна, трэба. Але ж для гэтага ў першую чаргу неабходна выхоўваць слухача і спажыўца. Калі ў людзей будзе неабходнасць слухаць такую колькасць такой авангарднай музыкі, то чаму б не! Але наўрад ці гэта магчыма.
Я ведаю, што кропкавыя авангардныя фестывалі ёсць у кожным, нават самым маленькім еўрапейскім мястэчку. Мы выступалі на такіх – гэта вельмі цікава. Там ёсць свой стабільны слухач. У нас, у Расіі, СКІФ – адзін, а ў Еўропе ў кожным маленькім мястэчку ёсць падобны фестываль.

ЕРБ: Чым, на ваш погляд, СКІФ адрозніваецца ад іншых фестываляў авангарднай музыкі?

Г.А.: Па-першае, адчуваецца, што ў фестывалю ёсць мінулае, ёсць пэўная база. Таксама ў СКІФа ёсць энэргетыка. Напэўна, яна закладзеная заснавальнікамі. Не ведаю, як хто гэта адчувае: музыкі, не музыкі, публіка – я гэта адчуваю вельмі моцна.
Атрымліваецца, ёсць у фестывалю выснова, нейкі моцны стрыжань – гэта чалавек і каманда, якая заснавала СКІФ, і ёсць гісторыя. І, канечне, перыядычнасць. Гэта ўсё і робіць гэты фестываль. Безумоўна, існуе і канцэпцыя. Усё гэта робіць фестываль незвычайным.
Іншая справа, што СКІФ павінен развівацца. Ён проста з’яўляецца адным з такіх светлячкоў па жыцці.

ЕРБ: А калі яшчэ раз вас запросяць выступіць на СКІФе, паедзеце?

Г.А.: Паглядзім.

ЕРБ: А ад чаго залежыць прыняцце рашэння – выступаць ці не выступаць у наступны раз?

ЕРБ: Залежыць гэта, безумоўна, ад адчуванняў. Проста зямныя рэчы такіх фестываляў не кранаюцца ніяк.
Вось мы праз 2,5 гадзіны з’язджаем. Застанецца добрае ўражанне – яшчэ прыедзем.

ЕРБ: Дарэчы, славутая атмасфера СКІФа выступаць дапамагае?

Г.А.: Так, канечне. Публіка выдатная, такое ўражанне, што разагрэтая. Вельмі правільная, падрыхтаваная. І нават тыя, хто ўпершыню нас чуе, – вельмі ўважлівыя, і гэта, безумоўна, адчуваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі