Дэпутат Касцян: Якая там культура на “Еўрабачанні”, там жа як малпы ўсе!

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян назваў конкурс “Еўрабачанне” гульнямі малпаў, ад якога не трэба адмаўляцца, але на якім трэба выглядаць не горш за астатніх і несці ў міжнародныя масы нацыянальную беларускую культуру. Аляксандр Ціхановіч назваў выказванні дэпутата “плебейскай пастановай пытання”. Лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка лічыць, што пакуль нам удзельнічаць у “Еўрабачанні” трэба не дзеля перамогі, а дзеля рэкламы Беларусі. Днямі на сумесным пасяджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ўраду ў чарговы раз адзначыўся дэпутат Сяргей Касцян. Гэтым разам незадаволенасць і крытыку народнага абранніка выклікала “Еўрабачанне”, а дакладней тое, што прадстаўнік Беларусі Руслан Аляхно не толькі не заняў хоць якога ганаровага месца, але і нічога не зрабіў для прапаганды Беларусі, яе мовы і культуры.

Каментуючы сваё выказванне Еўрарадыё, Сяргей Касцян заўважыў, што калі мы і вырашылі браць удзел у гэтым, падобным да гульняў малпаў, конкурсе, то трэба нешта рабіць, каб сярод астатніх Беларусь была заўважана.

Сяргей Касцян: “Я сур’ёзна стаўлюся да беларускай мовы, і сур’ёзна кажу, што мне не спадабаўся Аляхно. І я незадаволены тым, што мы прайграем ужо 3 раз запар. Па-другое, мы там ніяк не прапагандавалі Беларусь, толькі, што назва была “Беларусь”. Усё астатняе – нічога не было беларускага. Ды і сама форма – малпы, а не культуры. Гэта пародыя на культуру, там няма “сола”, там няма галасоў! Там камедыйнае шоў вулічных акцёраў. І таму траціць грошы, каб прапагандаваць англійскую мову, каму гэта патрэбна, навошта?!”

Між тым, дэпутат не заклікае адмовіцца ад удзелу ў “Еўрабачанні”. Галоўнае, каб кіраўнік праекта Аляксандр Ціхановіч не “паддаваўся парадам розных дарадчыкаў”, а дзейнічаў самастойна. І выказаў сваё меркаванне, як павінен выглядаць прадстаўнік Беларусі.

Сяргей Касцян:
“Калі б Ціхановічу сапраўды было дазволена, калі б ён сам, без усялякіх дарадцаў рыхтаваў, на беларускай мове, беларускага аўтара, песню кампазітара беларускага, мы б перамаглі. І калі ён у будучым годзе возьмецца ізноў, то толькі каб з беларускай песняй. Выйдзе ў нацыянальным беларускім строі артыст, хай прытопне, хай выйдзе з нашымі дударамі, гуслярамі і дадуць задорную беларускую песню на беларускай мове!”

Больш за тое, дэпутат пагадзіўся з тым, што выхад Аляхно ў пераможцы адборачнага туру наўрад ці быў сумленны. Між тым, адзначыў, што ёсць шмат больш вартых выканаўцаў, той жа “Палац”, які таксама ўдзельнічаў у адборы на “Еўрабачанне”.

Сяргей Касцян:
“Ёсць у нас больш таленавітыя людзі, чым Аляхно. Маладыя, але іх не прызнаюць і не дапускаюць. Колькі ў нас у правінцыі талентаў, але іх не выпускаюць! Я ведаю “Палац”, і ведаю, што гэта таленавіты калектыў. Карацей, у нас ёсць, з чым ехаць на “Еўрабачанне”!

Кіраўнік праекту “Еўрафэст” Аляксандр Ціхановіч прызнаўся Еўрарадыё, што сёлета прапаноўваў выканаць на конкурсе песню па-беларуску. Але заўважыў, што лічыць такі падыход не вельмі правільным.

Аляксандр Ціхановіч
: “Можна і па-беларуску, і па-кітайску і па-ўкраінску. Як заўгодна! Але я не думаю, што гэта будзе правільна. Я прапаноўваў і сёлета такое зрабіць. Фішка можа быць хоць у чым”.

Відаць, сёлета ніякай фішкі гледачы ў беларускім выканаўцы не знайшлі. Але прапанова зрабіць такой фішкай нацыянальны каларыт не знайшла падтрымкі ў кіраўніка праекта.

Аляксандр Ціхановіч
: “Скажыце, а якая нацыянальная разынка была ў выступе Білана?! Што за размовы такія?! Можа быць разынка, а можа і не быць. Можа штосьці быць у аранжыроўцы, а можа і не быць. Як гэта ўгадаеш? Гэты конкурс не паддаецца ніякаму аналізу. Што гэта за плебейская пастанова пытання?! Людзі, якія самі музыканты, і кажуць: “Ах, нацыянальная разынка трэба!”. Якая нацыянальная разынка ў артыста, які прадстаўляе дзяржаву?”

Лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка кажа, што яны ад пачатку вырашылі браць удзел у адборы на “Еўрабачанне” толькі з мэтай паказаць, што можна стварыць еўрапейскі хіт на падставе нацыянальнай музыкі і з нацыянальным каларытам.

Музыкант згодны з Аляксандрам Ціхановічам, але толькі ў тым выпадку, калі і марыць адзінае пра перамогу. Але, на думку Хаменкі, шчыра спадзявацца на перамогу на “Еўрабачанні”, Беларусь пакуль не можа. Таму трэба выкарыстоўваць гэтую пляцоўку з іншымі мэтамі.

Алег Хаменка: “Я думаю, што яшчэ час не прыйшоў змагацца за перамогу. Сёння мы павінны змагацца за тое, каб пра Беларусь даведаліся. Нам гэтая пляцоўка патрэбна зусім з іншымі мэтамі. Не перамог, а дзеля напрацоўкі вопыту ў стварэнні якасных еўрахітоў на падставе тых магчымасцяў, якія прапануе беларускі шоў-бізнес”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі