Давыдзька — пра сваё звальненне: Я шчаслівы, любая пасада карацейшая за жыццё

Давыдзька — пра сваё звальненне: Я шчаслівы, любая пасада карацейшая за жыццё

Павел Якубовіч і Генадзь Давыдзька могуць быць прызначаныя ў Савет Рэспублікі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, мяняючы кіраўнікоў шэрагу дзяржаўных СМІ, піша "СБ. Беларусь сегодня"

Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што Давыдзька засяродзіцца на кіраўніцтве аб'яднаннем "Белая Русь", а Якубовіч — на кіраўніцтве грамадскім саветам пры МУС.

У каментары Еўрарадыё Генадзь Давыдзька пракаментаваў перамены ў сваім працоўным жыцці: "Нармальна, я шчаслівы. Заўсёды прыходзіць канец — любая пасада карацейшая за жыццё. Новая задача ў мяне, новыя задачы ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі — будзе па-моладзеваму. А ў мяне больш часу з’явіцца для нейкай грамадскай дзейнасці. Што да планаў, то па-першае — адпачну. Па-другое, ёсць “Белая Русь” — цудоўная арганізацыя з выдатным статутам. Там трэба будзе папрацаваць".

Давыдзька мяркуе, што ўзначальваць "Белую Русь" усё ж мусіў чалавек з “пасадным падмуркам”. "Значыць, мне давядзецца больш працаваць на аўтарытэт арганізацыі без пасады кіраўніка нейкай структуры. А проста мой чалавечы рэсурс і мае знаёмствы, сувязі ды аўтарытэт буду выкарыстоўваць. А ён, гэты мой аўтарытэт, усё ж існуе — і ў грамадстве, і ў пэўных палітычных колах. І нават сярод маіх апанентаў існуе нейкая павага да мяне. Ну, сярод тых, хто не займаецца абразамі. Так што, усё нармальна", — супакойвае экс-кіраўнік БТ.

Ці шкадуе Давыдзька пра фільм "Жалезам па шкле" ды іншыя цікавыя падрабязнасці з працы на БТ — чытайце неўзабаве ў вялікім інтэрв'ю на сайце Еўрарадыё. 

Павел Якубовіч у каментары tut.by распавёў, што прасіў пра сваё звальненне яшчэ ў снежні 2017 года. "Маё рашэнне звязана са станам здароўя, мне ж ужо шмат гадоў. Я 24 гады ўзначальваў самую буйную рэдакцыю, і больш у мяне няма сіл рабіць гэта. Да сённяшняга дня я выконваў свае абавязкі", — патлумачыў 71-гадовы рэдактар. 

Ён дадаў, што будзе па меры сіл займацца ўсталяваннем мемарыялу ў Курапатах. 

Як паведамлялася раней, 6 лютага Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі, газеты "СБ. Беларусь сегодня" і тэлеканала СТВ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі