Дарадца Авакава: Без дазволу Кіева гэта не “гуманітарка”, а кантрабанда

280 грузавікоў “гуманітарнага канвою” выехалі 12 жніўня ў бок Украіны і… на пэўны час зніклі. Толькі 14 жніўня стала вядома, што канвой знаходзіцца ў Растоўскай вобласці, але ні дакладны маршрут яго, ні падрабязны пералік таго, што ён вязе, не вядомыя ні ўкраінскаму боку, ні расійскаму прадстаўніцтву Чырвонага Крыжа.

Да ўсяго, Украіна паставіла ўмову: расійская “гуманітарка” павінная быць перагружаная на арандаваныя Чырвоным Крыжам грузавікі і будзе суправаджацца выключна яго прадстаўнікамі. Толькі гэтая ўмова прынятая не будзе, сцвярджае расійскі ваенны эксперт Аляксандр Сабянін.

Аляксандр Сабянін: “Ніхто ніколі не пойдзе на такія ўмовы, бо ў любым рэгіёне свету такое азначала б, што гуманітарная місія здымае з сябе любую адказнасць за тое, дойдуць грузы да месца прызначэння ці не”.

                 Аляксандр Сабянін

Ваеннага эксперта падтрымлівае генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Віктар Колбанаў.

Віктар Колбанаў: “Гэтая міравая практыка, зразумела, рэдкая. Бо ў выпадку перагрузкі яны не толькі з сябе ўсю адказнасць здымаюць, яны ўвогуле губляюць адрас, куды сыходзіць груз. Машыны сышлі і сышлі… Расіяне іх не суправаджаюць, не ведаю, ці будзе Чырвоны Крыж суправаджаць пры гэтым. Звычайна, калі ёсць нейкая праблема, то кіраўніцтва краіны просіць дапамогі і не ставіць такіх умоў — пра перагрузку”.

Іншая рэч, што ў гэтым выпадку Украіна па дапамогу да Расіі не звярталася. І калі расіяне ўсё ж вырашылі дапамагчы Данбасу, яны павінныя ўзгадніць усе нюансы гуманітарнай місіі з Кіевам. Да прыкладу, якім маршрутам канвой будзе ісці, дзе перасякаць мяжу. Аляксандр Сабянін упэўнівае: раз місія гуманітарная, то пераходзіць мяжу яна можа там, дзе сама захоча, дзе калоне будзе зручней. А таму і маршрут калоны не вядомы нікому.

Аляксандр Сабянін: “Заяўлена, што калона прыйдзе ў дзве рэспублікі (ДНР і ЛНР — Еўрарадыё), і гэта будзе непазбежна зроблена. Расія сёння прызнае кіраўніцтва Украіны, і гэтае кіраўніцтва ў асобе прэзідэнта Парашэнкі падтрымала гэтую гуманітарную місію. Таму ніякіх дыпламатычных ці іншых праблем праз пераход мяжы ўзнікнуць не павінна”.

Можа, Парашэнка місію і падтрымаў, але менавіта ён павінен вызначыць месца гуманітарнага калідора для праходу канвою праз мяжу і па тэрыторыі краіны, заўважае дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава Антон Герашчанка. А значыць, і пераход канвоем мяжы па сваім жаданні будзе лічыцца парушэннем.

Антон Герашчанка: “Мы лічым, што не мае права перасякаць мяжу ніякі канвой, калі на гэта не будзе дазволу дзяржаўных органаў Украіны. Калі Пуцін будзе ўводзіць гэты канвой у аднабаковым парадку, гэта будзе парушэннем заканадаўства. Я б сказаў, злачынствам пад назвай “незаконнае перасячэнне мяжы — кантрабанда”.

                               Антон Герашчанка

Але не столькі кантрабанды расійскіх тушонкі, макароны, солі і вады апасаюцца ўлады Украіны. Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Святаслаў Цаголка агучыў тры сцэнарыі развіцця падзей: 1 — непасрэднае ўварванне на тэрыторыю Украіны з матывацыяй дастаўкі гуманітарнага грузу; 2 — “правакацыі з грузам на тэрыторыі Харкаўскай вобласці з высокай верагоднасцю агрэсіі з боку Расіі” і 3 — дапамога Луганску праходзіць праз пункт пропуску, найбліжэйшы да гэтага горада, дзе ўкраінскія памежнікі і прадстаўнікі АБСЕ змогуць гэты груз прасканаваць. Далей місія будзе рухацца па тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем баевікоў, але па прыбыцці ў Луганск размяркоўваць дапамогу сярод насельніцтва будзе Чырвоны Крыж.

Тое, што з грузам не ўсё чыста, пацвярджае і расійскі ваенны эксперт Аляксандр Сабянін.

Аляксандр Сабянін: “Пасля прыезду калоны ў Наваросію непазбежны масавы ўздым насельніцтва, непазбежнае павелічэнне падтрымкі насельніцтвам армій Наваросіі. Гэтага Кіеў асцерагаецца. І я лічу, што правільна асцерагаецца. Але гэта непазбежна: прыход гуманітарнага канвою як цвёрдае запэўніванне народа, што Расія ні пры якіх абставінах, ні пры якіх пагрозах і ні пры якіх санкцыях Захаду не здасць народ Наваросіі”.

У такім выпадку навошта і сапраўды Кіеву спрыяць паспяховаму выкананню расійскай “гуманітарнай місіі”? Асабліва без гарантыі, што суправаджэнне канвою адразу вернецца на радзіму. Так, карэспандэнт ВВС Стыў Разенберг, які рухаецца за калонай, адзначае, што ў бок Растова ідуць не толькі белыя "гуманітарныя" грузавікі, але і вайсковыя машыны. Праўда, Аляксандр Сабянін сцвярджае, што гэта не больш чым суправаджэнне грузу на выпадак непрыемнасцяў, а сярод “канвойных” няма ваенных спяцоў, а толькі “спецыяльна адабраныя афіцэры МНС Расіі, якія маюць вопыт дастаўкі гуманітарных грузаў ў Сірыю ды іншыя “гарачыя” краіны”.

Фота: Змітра Лукашука, www.unian.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі