Дакота: “Прыхільнікі з Расіі просяць беларускамоўных песень”

Спявачка расказала Еўрарадыё пра тое, як выратавалася ад братоў Меладзэ, пра новага прадзюсера і хуткі выхад сольнага альбома З часу заканчэння праекту “Фабрыка зорак-7”, дзе Дакота здабыла шырокую вядомасць, спявачка не запісала аніводнага кліпу, не выдала аніводнага альбому. Толькі сёння беларуска расказвае, чаму так здарылася.

Дакота: “У мяне кантракт быў на сем гадоў падпісаны. І з-за гэтага кантракту я не магла працаваць з іншымі прадзюсерамі. Былі прапановы ў тым ліку і ад Фадзеева, ад Дробыша і іншых прадзюсераў вядомых, але, на жаль, я не магла з імі працаваць з-за гэтага самага кантракту”.

Па сутнасці браты Меладзэ не давалі Дакоце развівацца. Пакуль яшчэ адзін знакаміты прадзюсер не пачаў змагацца за скасаванне кантракту.

Дакота: “Каля двух тыдняў таму мы нарэшце скасавалі кантракт па ўзаемнай дамове. Зараз у мяне новы прадзюсер, гэта Марат Хайрутдзінаў (кампанія Martin music). Гэта прадзюсер гуртоў “Tokio”, Юліі Кавальчук, рок-легенд “Агаты-Крысці”, Гарыка Сукачова.

З першых дзён скасавання кантракту Харутдзінаў распачаў інтэнсіўную працу з беларускай. Новы праект так і будзе называцца — “Дакота”.

Дакота: “Напрыканцы восені вы пабачыце вынік — гэта будзе кліп, дэбютны альбом і канцэртная праграма. Увогуле альбом будзе рэвалюцыйны, так ці інакш з прэтэнзіяй на гэта. Падобнага ў краінах постсавецкай прасторы яшчэ не было”.

А колькі месяцаў таму ў Дакоты замовілі саўнд-трэк да новага расійскага мегасерыяла.

Дакота: “Так, напрыклад, з Дамінікам Джокерам мы зрабілі саўнд-трэк да серыяла “Мама-Масква”, які хутка выйдзе. Гэта будзе працяглая 100-серыйная стужка, даволі цікавая, дзе будзе шмат публічных персонаў. Напрыклад, Ціна Кандэлакі, Андрэй Малахаў, Ала Даўлатава, магчыма, Філіп Кіркораў. Вельмі шмат розных яркіх прадстаўнікоў шоў-бізнесу”.

Нагадаем, што Дакота — адна з тых рэдкіх артыстак, хто спрыяе развіццю беларускай мовы. На апошнім “Еўрафэсце” яна праспявала беларускамоўную песню “Цябе адчуваю” на тэкст знанага беларускамоўнага паэта Глеба Лабадзенкі. І спыняць частковую беларусізацыю сваёй творчасці спявачка не збіраецца.

Дакота: “Мне часта нават расійскія прыхільнікі на форумах афіцыйнага сайта пішуць, што праспявай, калі ласка, нешта па-беларуску. Мы нічога не разумеем, але так прыгожа гучыць. Людзям падабаецца беларуская мова, і гэта цудоўна, што я магу спяваць на розных мовах. У мяне ёсць некалькі песень па-беларуску, і я мяркую, што людзі іх пачуюць у любым выпадку”.

Каля месяца таму Дакота запісала беларускамоўную версію песні “Спички”. Пераклад зрабіў той жа Глеб Лабадзенка.

Дакота: “Цудоўны пераклад. Апошні раз, калі я выступала на нейкім мерапрыемстве, то забылася на рускамоўны тэкст. Пакуль рэпетавала, пакуль запісвала на студыі, так прывыкла да беларускай мовы, што давялося звяртацца да свайго дырэктара: “Слухай, як там пачынаецца другі куплет, я забылася”.

Фота Ilya Benton Photography

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі