Да 1 сакавіка беларусы мусяць здаць падатковыя дэкларацыі

Да 1 сакавіка беларусы мусяць здаць падатковыя дэкларацыі

Фізічныя асобы мусяць да 1 сакавіка падаць падатковую дэкларацыю за 2017 год. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінскай вобласці.

Падача падатковых дэкларацыяў за 2017 год фізічнымі асобамі пачалася 3 студзеня. Заплаціць падаходны падатак трэба не пазней за 15 траўня 2018 года. 

Грамадзянін абавязаны даваць справаздачу падатковай інспекцыі пры продажы на працягу пяці гадоў другой (і больш) кватэры, дома, дачы, гаража, зямельнага ўчастка. Таксама дэкларацыя падаецца пры продажы на працягу каляндарнага года грузавога аўтамабіля, аўтобуса, другога легкавога аўтамабіля. Акрамя таго неабходна дэклараваць прыбыткі, атрыманыя з-за мяжы.

Падаюць падатковую дэкларацыю тыя, хто здаваў ў арэнду жыллё, і сума даходу за год перавысіла 5,5 тысячы рублёў. Калі чалавек прымаў дарагія падарункі на такую ​​ж суму (за выключэннем падарункаў ад блізкіх сваякоў), ён таксама абавязаны падаць падатковую дэкларацыю.

Падатковыя дэкларацыі падаюцца ў падатковы орган па месцы рэгістрацыі грамадзяніна. Прыём іх вядзецца ў працоўныя дні з 8.00 да 19.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі