Цяжарнай мінчанцы далі 1,5 года "хатняй хіміі" за подпіс пад фота міліцыянтаў

Цяжарнай мінчанцы далі 1,5 года "хатняй хіміі" за подпіс пад фота міліцыянтаў

На 1,5 года "хатняй хіміі" асудзілі ў Фрунзенскім судзе Мінска Дар'ю Захар, абвінавачаную ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Справу разглядаў суддзя Андрэй Млечка.

16 ліпеня дзяўчына са свайго тэлефона зайшла з сацсетку "Вконтакте" і пабачыла фота старшага інспектара УУС Пружанскага райвыканкама Сяргея Каляды і ўчастковага інспектара Тарасевіча. Фота былі падпісаныя: “Гэта мы здзейснілі здушальны прыём супраць мірных грамадзянаў”. Дзяўчына пракаментавала іх словам "Скаты".

“Напісала і забыла, не было ніякіх думак пра магчымыя наступствы. Зараз я б такого не напісала”, — патлумачыла яна на судзе. Віну Дар'я прызнала часткова. У сваім учынку яна раскайваецца, але выбачыцца перад пацярпелымі не змагла, хоць і спрабавала з імі звязацца.

Цяпер Дар’я Захар на чацвёртым месяцы цяжарнасці. 

Суд адбываўся без пацярпелых: міліцыянты заявілі, што занятыя па службе і не могуць удзельнічаць у працэсе. Таму былі агучаныя іх паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве.

Сяргей Каляда па службе быў выкліканы 14 ліпеня на вуліцу Савецкую, дзе адбываўся несанкцыянаваны мітынг. Там ён пабачыў 10-15 чалавек. Каля 19:30 туды ж прыехаў начальнік міліцыі ў форме і запатрабаваў, каб удзельнікі мітынгу разышліся. Пасля гэтага міліцыянты пачалі затрымліваць людзей. Аднаму з затрыманых Каляда закруціў руку за спіну. Праз тры дні ён даведаўся, што ў інтэрнэце з'явіўся яго фотаздымак з надпісам: “Гэта мы прымянілі здушальны прыём да мірных грамадзянаў Пружан”.

Тарасевіч таксама пабачыў гэтую публікацыю. Абодва палічылі каментар Дар’і Захар абразлівым і прыніжальным для іх гонару і годнасці. Яна прасілі пачаць на дзяўчыну крымінальную справу. Таксама яны падалі пазовы на кампенсацыю маральнай шкоды — па 1000 рублёў кожнаму.

Суддзя вынес той прысуд, які прасіў пракурор — 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія"). Таксама яна павінна заплціць кожнаму з пацярпелых міліцыянтаў па 1000 рублёў і дзяржпошліну ў 174 рублі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі