Вы тут

"Цяжар неэфектыўнасці перакладваецца": беларусы скінуцца для холдынга-даўжніка

Улады прыдумалі, на што яшчэ выдаткаваць бюджэтныя грошы / pexels.com

Заплаціць за чарговую падтрымку дзяржпрадпрыемстваў давядзецца падаткаплатнікам. Прычым праз марнатраўства пацярпяць прыватны бізнес і ўзровень жыцця беларусаў.

Мінаблвыканкам выпусціць аблігацыі на $91 млн і на 125 млн рублёў. Іх мусяць купіць Беларусбанк і Белаграпрамбанк. Грошы пойдуць на "павышэнне эфектыўнасці дзейнасці ўдзельнікаў холдынгу "Мясамалпрам".

Еўрарадыё даведалася ў эксперта, чаму прадпрыемства гэта не выратуе, а беларусы будуць жыць горш.
 

Аблігацыі Мінаблвыканкама, таму што ў яго ёсць грошы беларусаў

"Мясамалпрам" падтрымліваюць ужо не ўпершыню. Яшчэ ў 2016 годзе быў асобны ўказ №496 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні юрыдычных асоб — удзельнікаў холдынгу "Мясамалпрам".

 

Кіраўнічая кампанія "Мясамалпрама" прымае гасцей з Венесуэлы / stelland.by

Тады Мінаблвыканкам таксама выпускаў аблігацыі "на суму, якая ўтварылася на 1 снежня 2016 года ва... удзельнікаў холдынгу "Мясамалпрам"... запазычанасці па асноўным доўгу і нявыплачаных працэнтах па крэдытах". Даўгі аказаліся перад Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам. На 571,3 млн рублёў. Тэрмін пагашэння папярэдніх аблігацый заканчваецца якраз 31 снежня 2021 года, а падаць дакументы на новы выпуск Мінскі аблвыканкам павінен не пазней за 1 студзеня 2022 года.

Выпускае не сам "Мясамалпрам" таму, што нават пад гарантыі ўрада банкі не гатовыя даваць холдынгу грошы, лічыць кіраўнік праекта "Кошт Урада" Уладзімір Кавалкін.

Гэтыя прадпрыемствы відавочна стратныя і знаходзяцца ў стане, калі не могуць абслугоўваць свае даўгі. Калі б яны маглі іх абслугоўваць, то самі выпусцілі б аблігацыі альбо схадзілі ў банк па крэдыт.

Калі бізнес-праект прыбытковы, банк з задавальненнем дае крэдыт. Тут банк, хутчэй за ўсё, ні пры якіх умовах не хоча крэдытаваць дзяржпрадпрыемствы проста таму, што дакладна ведае, што гэтыя грошы не вернуцца ніколі.

Затое банк гатовы купіць аблігацыі Мінскага аблвыканкама, які будзе разлічвацца грашыма, сабранымі з беларусаў.

 — Даўгі, назапашаныя прадпрыемствамі "Мясамалпрама", лягуць проста на бюджэт, то бок на падаткаплатнікаў, — працягвае Уладзімір Кавалкін.
 

"Кожны хацеў бы, каб гэтыя грошы пайшлі на медыцыну"

 

Грошы можна было накіраваць на абсталяванне або стажыроўкі для медыкаў / Еўрарадыё

Калі мінулым разам Мінаблвыканкамам выпускаў аблігацыі на пяць гадоў, то цяпер вяртаць грошы плануецца толькі ў 2036-м і ў 2042-м годзе.

Выходзіць, адкласці выплаты па даўгах "Мясамалпрама" ўлады разлічваюць на 14 і на 20 гадоў. Уладзімір Кавалкін адзначае, што амаль $140 млн маглі пайсці на паляпшэнне ўзроўню жыцця беларусаў. Але замест гэтага давядзецца заплаціць ім самім.

Даходы прадпрыемстваў не ў прыярытэце ў чыноўнікаў / Еўрарадыё

Чыноўнікі рапартуюць пра рост экспарту і поспехі, а "Мясамалпрам", які амаль напалову складаецца з прадпрыемстваў па вытворчасці знакамітай беларускай "малочкі", усё роўна праблемны.

Там усё адна вялікая праблема, таму што ўсё рэгулюецца і кіруецца дзяржавай адначасова. Праблемы пачынаючы з калгасаў, якім дыктуюць закупачныя цэны. Праз гэта яны хранічна стратныя і назапашваюць даўгі.

Дыктуюць цэны перапрацоўшчыкам, каб дэмпінгаваць пры продажах ў Расію. У выніку далёка не заўсёды ўдаецца атрымаць нейкі прыбытак. Чыноўнікі навязваюць сваё бачанне бізнесу дырэктарам гэтых дзяржпрадпрыемстваў, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Такі падыход прыводзіць да таго, што не ў дырэктара ёсць план па працы прадпрыемства, а чыноўнікі паведамляюць яму, якімі павінны быць паказчыкі.

Навязваюць дзеянні, якія шкодзяць эфектыўнасці. Напрыклад, трымай работнікаў больш, чым трэба, таму што мы не можам дапусціць беспрацоўя. Або выпускай прадукты па нізкай цане. А гэта яшчэ і прадпрыемства дзяржавы, у якой не толькі бізнес-мэты, а яшчэ і сацыяльныя і палітычныя мэты. У тым ліку навязаныя былым прэзідэнтам. Атрымліваецца сітуацыя, калі эканамічная эфектыўнасць не першарадная, — рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.