ЦВК не задаволіў скаргі Віктара Бабарыкі на Аляксандра Лукашэнку

4 чэрвеня Цэнтрвыбаркам зладзіў пасяджэнне, на якім разглядзеў скаргу Віктара Бабарыкі на Аляксандра Лукашэнку. На пасяджэнні прысутнічаў сын Віктара Бабарыкі Эдуард — кіраўнік яго ініцыятыўнай групы. 

"Мы ўспрымаем ЦВК як орган, які бесстаронне ставіцца да ўсіх, хто вылучаецца ў кандытдаты. У нашай заяве ўсё вельмі падрабязна выкладзена. Мы не патрабуем і не адстойваем, проста просім разабрацца", — патлумачыў сваю пазіцыю Бабарыка-малодшы.

А ЦВК лічыць, што скрыншоты з расповедам пра парушэнні і ціск пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, на якія спасылаецца каманда Бабарыкі, можна было падрабіць, таму даверу для іх няма. Але па паручэнні камісіі ўсё ж былі праведзены праверкі на месцах. Вынік — ніякіх парушэнняў не знойдзена.

"Мы кожныя выбары атрымліваем інфармацыю, што некаму нечым пагражаюць, але мы ні разу не бачылі, што нехта пацярпеў", — каментуе зробленую працу супрацоўніца ЦВК.

"Як вы, як чалавек, ставіцеся да ананімных зваротаў?" — запыталіся на пасяджэнні ў Эдуарда Бабарыкі. Цэнтрвыбаркам мяркуе, што і інфармацыі ад ананімаў давяраць нельга. А неананімных сведчанняў у заяве Віктара Бабарыкі не было. Адпаведна, усе прыведзеныя доказы аб парушэннях былі адрынутыя.

Да таго ж, на думку ЦВК, калі аўдыё- і відэазапіс вядзецца без згоды таго, каго запісваюць, гэта парушае правы чалавека. Такую інфармацыю камісія разглядаць адмаўляецца.

На пасяджэнні выступіў кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Орда. Па яго словах усе "ўкіды" робяцца дзеля таго, каб дэскрэдытаваць "паважанага чалавека".

Ярмошына дадае: ідзе спланаваная дыскрэдытацыя вылучэнца ў прэзідэнты. Яна эмацыйна выказваецца пра тое, як няправільна вядзе сваю выбарчую кампанію Святлана Ціханоўская, і... забывае, што ЦВК яшчэ не галасаваў па скарзе Віктара Бабарыкі! 

ЦВК неадкладна галасуе і адхіляе скаргу. Абскардзіць гэтае рашэнне Цэнтрвыбаркама ў судзе немагчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.