Clover Club "Random Mood Jukebox"

120330 Agljadacha.mp3

Разглядаем сёння дэбютны дыск маладога сталічнага гурта Clover Club. Забягаючы наперад, скажу, што альбом “Random Mood Jukebox” абавязкова мусіць апынуцца сярод лідараў па выніках бягучага года. І гэта нягледзячы на тое, што пакуль толькі сакавік. Для пачатку можна сказаць, што дыск цалкам адпавядае заяўленай канцэпцыі: “Аўтамат выпадковых настрояў”. Як казалі музыкі ў інтэрв'ю "Еўрарадыё", на альбоме "выбудоўваецца нейкае плаўнае выцяканне з аднаго настрою ў іншы. Пры гэтым, зусім нешта “рандомнае”, быццам паставіў плэер на “шафл”". І сапраўды, песні на дыску вельмі розныя і слухаць іх можна ў любым парадку, абсалютна не губляючы цікавасці.

Варта адзначыць, што на запісе гурт гучыць значна больш спакойна, чым на канцэртах, без лішняй экспрэсіі. І справа не ў прыгладжанасці партый, такога акурат і не скажаш. Проста падаецца, што музыка ў запісе больш лёгкая, лагодная і расслабляючая. Дарэчы, вакал часам пачаў нагадваць Аланісмарысэтаўска-Кайліміноўжныя манеры, і гэтага таксама не было заўважна на канцэртах. Атрымліваецца, не змяняючы аранжыровак, Clover Club па-рознаму гучаць на канцэртах і на запісе, але не губляюць уласнай “разыначкі”. Пагадзіцеся, гэта цікава і незвычайна.

Яшчэ да выхаду альбома музыкі распавялі Еўрарадыё, што вырашылі дадаць “мужчынскага струменю” ў гучанне. І цяпер гітарыст Генры пачаў выконваць і ролю бэк-вакаліста. Шчыра кажучы, першапачатковае стаўленне да гэтага факту было цалкам скептычным, бо харызматыка вакалісткі проста не пакідае вольнага месца. Але пасля праслухоўвання “Random Mood Jukebox” разумееш, што песням і праўда не хапала мужчынскага вакалу. Галоўнае, з гэтым не перабольшваць, але пакуль усё так, як і трэба.

Калі параўноўваць гучанне песень, якія раней выходзілі на сінглах, з тым, якімі яны паўсталі на альбоме, то змены ў рытм-секцыі відавочныя. Самі музыкі вельмі сціпла каментуюць унёсак новага басіста ў аранжыраванне трэкаў. Але змянілася і гучанне самой басухі, і яе рытмічны малюнак, нават меладычныя хады адрозніваюцца. Нельга сказаць, што раней басовыя партыі былі дрэнныя, бедныя ды нецікавыя, усё з імі было добра. Але зараз яны сталі яшчэ лепш.

На дыску шмат эксперыментаў. Відавочна, што музыкі гэтага абсалютна не баяцца. На дыску шмат маленечкіх клавішных уставачак, нейкіх дадатковых прымочак, інструментальных дадаткаў, якія амаль незаўважныя пасля першага праслухоўвання, але выконваюць велічэзную ролю ў аранжыроўках. Спяванне на канцэртах у мегафон ужо стала своеасаблівай візітоўкай Clover Club. Ёсць гэта і на дыску, хоць і не дае такога моцнага эфекту, як на жывых выступах. Шкада, што музыкі пакуль не знайшлі новых фішак, але яны мусяць з'явіцца.

Увогуле, слухаючы альбом, не скажаш, што ён дэбютны. Натуральна, што ўсе ўдзельнікі гурта ўжо шмат год варацца ў беларускай рок-тусоўцы. Яны гралі ў іншых калектывах, мянялі назвы... “Random Mood Jukebox” складана назваць класічным беларускім рок-альбомам. Хутчэй гэта выдатны прадукт новай хвалі беларускага року. А для скептыкаў яго можна асобна назваць якасным заходнім прадуктам.

Агулам, на дыску 10 трэкаў, якія пралятаюць абсалютна незаўважна. Ну, за выключэннем, хіба, апошняга рэмікса “Аn ordinary nerdy nery”. Нейкі ён сумны, просты і без развіцця.

Дарэчы, альбом даступны для любога інтэрнэт-карыстальніка. Прычым, абсалютна бясплатна. Таму раім вам скачаць і паслухаць самастойна. Абяцаем, што не пашкадуеце. Ды і сваё ўласнае меркаванне заўсёды ў разы больш значнае, чым чыёсьці збоку, нават калі гэта журналісты Еўрарадыё. А жываком дыск можна будзе паслухаць ужо 12 красавіка на бясплатным канцэрце ў клубе Re:Public.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі